Актуальна

Мікалай Статкевіч: Ідэалы і каштоўнасці патрабуюць ахвяр

Трэба падтрымліваць веру ў ідэалы сваімі ўчынкамі.

Пра гэта лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч заявіў падчас канферэнцыі «Аўтакратычны выклік для еўрапейскага праекта: што рабіць і чаго не рабіць», якая прайшла 25 траўня ў Варшаве. Мерапрыемства з удзелам вядучых экспэртаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны ды Нямеччыны было арганізаванае фондам «Хартыі-97» і прайшло ў рамках праекта «Еўразійскі выклік для ўсходняй Еўропы», падтрыманага Вышаградскім фондам.

«Я ўдзячны арганізатарам за магчымасць выступіць перад вамі. Я прыляцеў у Варшаву з Брусэля, дзе быў на сустрэчы лідараў апазіцыйных партый з дэпутатамі Еўрапейскага парламента і прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі. Тэмы, якія мы абмяркоўвалі, сугучныя з тэмай гэтай канферэнцыі.

На наш погляд, паварот ЕЗ ад палітыкі каштоўнасцяў да палітыкі супрацоўніцтва з незаконным рэжымам у Беларусі – не толькі амаральны, але і не рацыянальны з пункту гледжання захавання Беларусі як незалежнай дзяржавы. Прычына, паводле якой беларускі рэжым існуе дагэтуль – гэта яго падтрымка Расеяй. Без гэтай падтрымкі існая ў Беларусі мадэль была б немагчымая.

Датацыі Расеі ў беларускую эканоміку велізарныя. У асобныя гады яны складалі да 25% беларускага ВУП. Спадар Лукашэнка неаднаразова рабіў спробы ліквідаваць незалежнасць Беларусі ў абмен на грошы. Спыніла яго толькі беларускае грамадства. Дзясяткі тысяч людзей шмат разоў, нягледзячы на рэпрэсіі, выходзілі на акцыі пратэсту.

Еўрапейскія палітыкі мяркуюць, што сваёй палітычнай і эканамічнай дапамогай яны выратуюць незалежнасць Беларусі. Але ў Расеі досыць рычагоў ціску – можна ўсяго толькі ўвесці сусветныя кошты энэрганосьбітаў для Беларусі. Гарант незалежнасці Беларусі – гэта не Лукашэнка, які 20 гадоў рабіў усё, каб аслабіць гэтую незалежнасць. Гарант незалежнасці – гэта беларускае грамадства, яго гатоўнасць абараняць сваю краіну. Мы такі прыклад бачылі ва Ураіне, дзе палітычныя і эканамічныя эліты здолелі выхаваць пакаленне патрыётаў. У нас жа Лукашэнка рабіў усё магчымае, каб гэтага пакалення не з\’явілася. Наадварот, усё беларускае вынішчалася і пераследавалася.

Цяпер мы бачым, як еўрапейскія палітыкі звяртаюцца да беларускага грамадства і кажуць: ніякіх ідэалаў няма, ніякай свабоды, прынамсі, гэта не для вас. Займайцеся сваім асабістым жыццём, выжывайце, выязджайце з краіны, прыстасоўвайцеся, не трэба ніякіх ідэалаў. Гэта дрэнна. Еўрапейскія палітыкі сустракаюцца з чалавекам, якога шмат хто ў нашай краіне (і я асабіста) уважаюць за злачынцу і забойцу. Яны ціснуць яму руку, прымаюць яго як законнага прэзідэнта. Пры гэтым кажуць нам, што гэта ўсё робіцца для нас, для лідараў апазіцыі. Маўляў, глядзіце, Статкевіч, вось вас выпусцілі з турмы, вас 11 разоў аштрафавалі ўжо, але не пасадзілі зноў. Мы, маўляў, такім чынам гарантуем вашу бяспеку і знаходжанне на свабодзе.

Але калі б маёй асабістай мэтай была мая асабістая бяспека, то я вёў бы сябе і жыў бы па-іншаму. Наша мэта – свабода, дзеля якой можна ісці на ахвяры. Калі Лукашэнка атрымае жаданае ад Захаду, мне ўзгадаюць усе гэтыя 11 штрафаў і адправяць у тыя ж самыя месцы.

У беларускіх дэмакратычных сіл няма цяпер іншага выйсця, як адраджаць і падтрымліваць веру ў ідэалы сваімі ўчынкамі, сваімі паводзінамі насуперак уласнай бяспецы. Я хацеў сказаць усім вам вялікі дзякуй, усім тым, хто думае пра нашу краіну, дапамагае нам, марнуе свой асабісты час, кавалак свайго жыцця, каб дапамагчы. Гэта таксама довад для беларускага народа, што ідэалы і каштоўнасці ёсць і яны патрабуюць ахвяр», – сказаў Мікалай Статкевіч.

Хартыя\’97