Навіны

Мікалай Статкевіч: інфармацыю можна атрымліваць і з тэлевізійнай расійскай дэзынфармацыі

У сваім лісце кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч разважае пра верагодныя сцэнарыі далейшых падзей ва Украіне і ў Расіі.

“Уражвае ўкраінская сітуацыя. Інфармацыі ў мяне па ёй вельмі мала, але, пажыўшы ў Савецкім Саюзе, можна навучыцца атрымоўваць яе і з тэлевізійнай расійскай дэзінфармацыі.

Я гэту сітуацыю бачу так, што, пасля анэксіі Крыма, ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі ва Украіне на выбарах будуць перамагаць толькі антырасійскія палітыкі. Каб пазбегнуць NATO пад бокам і дэмакратычнага прыкладу для расійскага грамадства, Крамлю, нібыта, трэба будзе “дабіць” Украіну.

Гэта значыць, акупаваць яе і на штыках пасадзіць свой урад. Але, за апошнюю чвэрць стагоддзя ўкраінскія эліты, пры брутальнай няздатнасці ў іншых сферах, здолелі ў вельмі вялікай ступені ўмацаваць сваю нацыю і прывучыць яе да свабоды. Выгадавана новае пакаленне патрыётаў, нават на Паўднёвым Усходзе. А менавіта нацыя, а не “адсутнасць эканамічных праблемаў”, забяспечвае жывучасць дзяржавы. Бо эканамічныя праблемы, асабліва для невялікіх датацыйных, завязаных на рынак адной дзяржавы эканомік, стварыць вельмі лёгка. А нацыянальны дух, калі ён ёсць, не знішчыць.

Таму спроба далейшай акупацыі нават толькі паўднёва-усходніх украінскіх абласцей можа стаць катастрофай для Расіі.  Будзе і ўзброены супраціў украінцаў, і рэальныя эканамічныя санкцыі Захаду, ад якіх і ЕС не здолее адкруціцца. Улічваючы, што Расія з’яўляецца сыравінным прыдаткам Захаду, уся яе вайсковая моц і сацыяльны дабрабыт пабудаваныя на нафтадалярах. Заходнія санкцыі здольны выклікаць эканамічны крах Расіі. А яшчэ ж трэба будзе траціць грошы на новыя тэрыторыі.

Таму, найбольш імаверна, што Крэмль будзе імкнуцца падтрымоўваць пастаянны крызіс на ўкраінскім Паўднёвым Усходзе, каб не даць Украіне нармальна развівацца і прэтэндаваць на членства ў ЕС і NATO.   Але ці здолее ён гэта рабіць на працягу многіх гадоў?

Па-першае, ЗША будзе ва ўсё большай ступені ўжываць “ціхія” эканамічныя санкцыі супраць Расіі, асабліва са зменай адміністрацыі Абамы на новую.

Па-другое, Данбас – не Каўказ. Лясоў і гор няма. Фанатыкаў – таксама. Ды і ўкраінскія сілавыя структуры навучацца эфектыўна змагацца з сепаратыстамі, , бо на першыя ролі непазбежна будуць высоўвацца камандзіры, здольныя арганізаваць гэтае змаганне.

Па-трэцяе, па расійскаму TV нельга будзе занадта доўга накручваць сітуацыю вакол “змагання за еднасць рускага народа супраць бандэраўскіх карацеляў”, бо інакш ў расійскага абывацеля з’явіцца пытанне, а чаму Пуцін не скарыстоўвае дазвол Савета федэрацыі і не “ратуе рускіх на Данбасе ад генацыду”. У выніку, рэйтынг Пуціна ізноў пойдзе ўніз, а дзеля яго, як я разумею, усё і пачалося.

Прагназаваць адсюль, якую з трох альтэрнатыў (няўмяшанне, акупацыя, правакацыя)  у адносінах  да Украіны выбярэ Крэмль, складана. Але відавочна, што беларусы ў гэтай новай геапалітычнай рэальнасці, каб не згубіць сваю дзяржаву, мусяць мацаваць сваю нацыю”.

М. Статкевіч, 04.05.2014