Мікалай Статкевіч: “Калі грамадства смялейшае за апазіцыю…”
Мікалай Статкевіч, палітычны вязень, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе, напісаў ліст актывісту Руху “За Свабоду” Леаніду Гаравому са сваімі меркаваннямі аб апазіцыі і кандыдаце ад апазіцыі.
Леанід Гаравы на працягу зняволення палітычных вязняў вядзе з імі пастаянную перапіску. Пасля вызвалення з няволі па заканчэнню тэрмінаў зняволення Міколы Аўтуховіча, Зміцера Дашкевіча і датэрміновага вызвалення Алеся Бяляцкага актывіст вядзе перапіску з Міколам Статкевічам, які адбывае зняволенне ў магілёўскай турме, піша haradok.info.
Напрыканцы першага тыдня гэтага месяца Леанід Гаравы атрымаў вялікі ліст ад палітычнага вязня. Падставай для ліста Статкевіча стала наступная думка выказаная актывістам у апошнім лісце аб тым, што “Кандыдатура ад палітвязняў магла бы быць, калі б была б і кандыдатура прэтэндэнта, які мог быць зарэгістраваны. Але палітычнае поле жадаючых стаць кандыдатам выпалена падзеямі 19 снежня 2010 года.”
На гэтыя словы мужны змагар з рэжымам напісаў: “Нешта я не чуў пра масавыя пераследы палітыкаў 🙂 . Ужо год, як па справе 19 снежня ў зняволенні знаходзіцца адзін чалавек. І толькі. Няўжо гэты факт “выпаліў” усю палітычную актыўнасць? Але ж летам 2011 года, калі па справе 19 снежня толькі што было асуджана болей за трыццаць чалавек, тысячы чалавек па ўсёй Беларусі выходзілі на “маўклівыя акцыі”. Вось толькі партыйная апазіцыя іх не падтрымала, даўшы магчымасць аднаму прайдзісвету захапіць кіраванне тымі акцыямі.”
Пасля гэтага Мікалай Статкевіч выказаў сваю ацэнку апазіцыі: “Калі грамадства смялейшае за апазіцыю, то якая тады функцыя такой апазіцыі? І навошта, каб быў кандыдат, які прэзентуе настроі такой апазіцыі?”