Мікалай Статкевіч: Калі Лукашэнку не спыніць, ён прадасць усё
Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень сустрэўся з міністрам замежных спраў Швецыі.
Таксама адбылася сустрэча палітыка з дэпутатамі сацыял-дэмакратычнай фракцыі Рыксдага. Пра гэта Мікалай Статкевіч паведаміў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«Сканчаецца мая паездка ў Швецыю, – піша былы палітвязень. – Сёння былі сустрэчы з міністрам замежных спраў Маргат Валстрем і ў сацыял-дэмакратычнай фракцыі Рыксдага. Быў таксама семінар па Беларусі, у якім, акрамя іншых, брала ўдзел даволі значная група мясцовага беларускага зямляцтва.
Даводзілася часта тлумачыць, што надзеі заходніх палітыкаў ўбачыць у нашым «прэцэдэнце» гаранта незалежнасці ці, тым больш, разгарнуць яго ад Масквы, не занадта разумныя. Па сутнасці, ён 20 гадоў часткамі прадае наш суверэнітэт Расіі, а на атрыманыя грошы забяспечвае кантроль над краінай. Калі яго не спыніць, то прадасць ўсё. А калі Пуціну надакучыць яго гульня з Захадам, то той можа сказаць: «Праз месяц для Беларусі – сусветныя цэны на нафту». І ўжо заўтра «гарант незалежнасці» будзе стаяць на каленях каля Крамля ».
Мікалай Статкевіч таксама выказаў падзяку «шведскім сябрам», якія падтрымліваюць барацьбу беларусаў за свабоду.