Навіны

Мікалай Статкевіч. КАНСАЛІДАЦЫЯ НАЦЫІ

1. Неабходнасць кансалідацыі
 
Персанаж,  які незаконна ўтрымоўвае ўладу над Беларуссю, вядзе нас да непазбежнага краху. Для ўратавання сваёй краіны белорусам трэба як мага хутчэй забраць уладу ў злачыннага, бяздарнага і карумпаванага рэжыма. Праз выбары ці юрыдычным шляхам гэтага не зробіш, бо выбары даўно заменены спектаклем з загадзя напісаным вынікам. А ўсе юрыдычныя дзяржаўныя структуры фармуюцца і жорстка кантралююцца самім правіцелем. 
 
Няма іншага выйсця, як прымусам вярнуць народу ўкрадзеную ў яго ўладу. Але наша грамадства геапалітычна і культурна падзелена. Знешнім сілам пасля адхілення “перасідэнта” ад улады будзе вельмі лёгка справакаваць унутраны грамадзянскі канфлікт паміж беларусамі, якія па-рознаму бачаць будучыню сваёй краіны. Што можа прывесці  да страты незалежнасці нашай дзяржавы.
 
 Атрымоўваецца замкнёнае кола – каб уратаваць краіну, трэба памяняць уладу. Але спробы зрабіць гэта могуць знішчыць краіну.
 
 Выйсце адно – кансалідаваць нацыю вакол прывабных для большасці людзей базавых каштоўнасцяў, каб не дазволіць замежным правакатарам сутыкнуць беларусаў паміж сабой.
 
Для лепшага разумення праблемы кансалідацыі звернемся да яе гісторыі. 
 
2. Спробы кансалідацыі ў першыя гады незалежнасці
 
Беларусь атрымала незалежнасць у выніку самараспада Савецкага Саюза, а не дзякуючы барацьбе тагачаснага пакалення. На пачатку незалежнасці яе падтрымлівала меньш за трэць жыхароў Беларусь. Трэць выступала супраць незалежнасці, а астатнія былі абыякавымі да гэтага пытання.
 
Патрыятычныя сілы спрабавалі кансалідаваць нацыю на аснове ідэі незалежнасці, беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі і гісторыі. Але гэтыя каштоўнасці былі прыцягальнымі толькі для меньшасці беларусаў.
 
 Абраны ў 1994 годзе першы прэзідэнт краіны, у спадзяванні абмяняць незалежнасць Беларусі на прастол у Крамлі, актыўна прапагандаваў тэзу пра беларусаў, як  “истинно русских”. Ён абрынуў на патрыятычныя каштоўнасці ўсю моц дзяржаўнай прапагандыстскай машыны.
 
Вялікі маральны ўдар па ім таксама нанесла неабгрунтаваная, з пункту гледжання большасці, эміграцыя ў 1996 годзе тагачаснага лідара патрыятычных сіл.
 
Але нацыянальным сілам удалося кансалідаваць патрыятычную меньшасць і мабілізаваць яе на “вулічную вайну за незалежнасць” 1996-2000 гадоў.
 
 Нягледзячы на намаганні ўладаў, прыклад самаахвярнай барацьбы патрыётаў, а таксама дастаткова працяглае жыццё ў самастойнай дзяржаве, прывялі да росту падтрымкі незалежнасці краіны. Рэжым мусіў улічыць новыя рэаліі (у тым ліку і змену кіраўніцтва ў Крамлі) і з пачаткам новага тысячагоддзя стаў усё больш актыўна выкарыстоўваць незалежніцкую рыторыку. Пагроза незалежнасці часова адступіла.
 
3. Праца па кансалідацыі ў “нулявых”
 
 Дзеля атрымання эканамічных датацый ад Расіі рэжым стаў актыўна выкарыстоўваць тэму “славянскай еднасці”. Разам з тым, улады працягвалі пераслед беларускай мовы, гістарычных сімвалаў і спроб гісторыка-патрыятычнага выхавання грамадства, каб перашкодзіць нацыянальнай кансалідацыі і дагадзіць Крамлю. Увогуле, любую спробу кансалідацыі, акрамя як вакол свайго кіраўніка, рэжым успрымаў, як пагрозу. Яму патрэбна было пакорлівае атамізаванае насельніцтва.
 
З-за слабай нацыяльнай кансалідацыі патрыятычныя сілы Беларусі паспрабавалі выкарыстаць ідэю еўраінтэграцыі дзеля аб\’яднання вакол яе большасці грамадства. Бо еўрапейская ідэя адначасова ўвасабляла матэрыяльны дабрабыт, нацыянальнае развіццё і палітычныя свабоды. Па розным матывам у “нулявых” еўраінтэграцыю падтрымлівалі да паловы беларусаў. Але з-за росту праблем ЕС, якія ў гіпертрафіраванай форме актыўна скарыстоўваліся дзяржаўнай прапагандай, і росту эканамічнай залежнасці ад Расіі, папулярнасць еўраінтэграцыі сярод беларусаў зараз істотна знізілася.
 
 Разам з тым, прыхільнікі незалежнасці з цягам часу зрабіліся пераважнай большасцю. Уваходжанне ў склад Расіі падтрымлівае толькі 4-5% насельніцтва. Мужнасць пераследуемых рэжымам беларускамоўных актывістаў вярнула павагу да беларускай мовы і выклікала рост цікавасці да яе сярод адукаванай моладзі. Гэтая цікавасць яшчэ больш узрасла на фоне расійска-украінскага канфлікту.
 
4. Намаганні па кансалідацыі пасля пачатку канфлікта ва Ўкраіне
 
Падзеі ва Ўкраіне і падтрымка большасцю беларусаў анэксіі Крыма зрабілі для рэжыма небяспечным выкарыстанне “славянскай” ідэі. Пагроза інкарпапацыі з боку Масквы прымусіла ўлады спыніць ціск на беларускую мову і часам нават звяртацца да нацыянальнай гісторыі. Але цалкам залежны ад расійскай дапамогі рэжым так і не насмеліўся на большае. Разам з тым, спробы часткі нацыянальных сіл кансалідаваць большасць нацыі вакол падтрымкі Ўкраіны былі безпаспяховымі.
 
Усё большая неэфектыўнасць эканомікі і памяньшэнне расійскіх датацый прывялі да істотнага пагаршэння жыцця людзей. Рост сацыяльнай напружанасці вярнуў у цэнтр увагі грамадства патрыятычныя сілы, якія дзякуючы сваім публічным пратэстным акцыям сталі ўспрымацца, як адзіная бачная альтэрнатыва рэжыму. Гэта дазволіла патрыётам узначаліць масавы сацыяльны пратэст і дало ім шанцы кансалідаваць вакол сацыяльных патрабаванняў незадаволеную большасць.
 
Каб выйсці з тупіка, у якім апынулася краіна, не дапусціць крывавых канфліктаў і захаваць пры гэтым незалежнасць дзяржавы, неабходна кансалідацыя нацыі вакол базавых каштоўнасцяў, якія падтрымліваюцца пераважнай большасцю грамадства. Тады верагоднасць знешняга ўмяшання ў адказ на законныя дзеянні аб\’яднанага народа па вяртанню сабе ўлады істотна зменьшыцца.
 
5. Базавыя каштоўнасці кансалідацыі
 
Галоўная з гэтых каштоўнасцяў, вакол якой ужо існуе агульнанацыянальны кансенсус – незалежнасць Беларусі.
 
Другая каштоўнасць, якая мае падтрымку пераважнай большасці – змяняльнасць улады. 80% беларусаў лічаць неабходным правядзенне рэформ. У Беларусі ёсць страх адкрыта выказаць сацыёлагам сваю незадаволенасць уладай. Таму “падтрымка рэформаў” у завуаляванай форме паказвае жаданне рэспандэнтаў сыходу ад улады таго, хто не хоча праводзіць ніякіх рэальных рэформаў. Можна сцвяржаць, што 80% – гэта рэальны антырэйтынг улады.
 
Кансэнсус таксама існуе вакол непрыняцця пераважнай большасцю гвалту і крыві, як сродку вырашэння супярэчнасцяў у грамадстве. Мір – трэцяя базавая каштоўнасць беларусаў.
 
Чацвёртай базавай каштоўнасцю можа стаць вяртанне да дэмакратыі. Бо толькі механізмы дэмакратыі могуць быць эфектыўнымі мірнымі сродкамі вырашэння супярэчнасцяў, пошуку грамадскіх кампрамісаў і шляхоў да годнага жыцця. Абраныя на сумленных выбарах дэпутаты парламента будуць выяўляць пазіцыі значных груп грамадства і знаходзіць кампрамісныя рашэнні, каб прадухіляць канфлікты паміж гэтымі групамі. Менавіта таму Беларускі Нацыянальны Кангрэс зрабіў заклік “Уладу – народу!” лозунгам усіх сваіх публічных акцый.
 
Пятай базавай каштоўнасцю можа стаць імкненне да ваеннага нейтралітэту, замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі.
 
Абапіраючыся на кансенсус па пералічаным базавым каштоўнасцям, грамадства здолее знайсці кампраміс і па праблемам, якія зараз яго падзяляюць. Найбольш відавочныя з іх – гэта геапалітычны падзел і моўная праблема.
 
 6. Праблема геапалітычнага выбара
 
 Большасць беларусаў бачаць сваю краіну ў саюзе з Расіяй, меньшасць – у складзе ЕС. Прычым, для абедзьвюх груп незалежнасць з\’яўляецца прыярытэтнай перад знешнімі саюзамі . Перавага саюза з Расіяй над інтэграцыяй у ЕС выклікана не толькі дамінаваннем расійскай тэлевізіі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі ці культурнай блізкасцю. Згодна з расійскімі ацэнкамі, каля мільёна беларусаў легальна ці нелегальна працуе ў Расіі. Для гэтых людзей і мільёнаў іх блізкіх захаванне такой мажлівасці з\’яўляецца жыццёва важным. Асабліва ва ўмовах рэзкага зніжэння даходаў ва ўласнай краіне і ўсё большага іх адставання ад расійскіх.
 
Кампрамісам тут магло б быць не пазбаўленне людзей магчымасці зарабляць на усходзе, а стварэнне дадаткова такіх жа магчымасцяў і на захадзе. А яшчэ лепш – ва ўласнай краіне. Хаця, некаторыя элементы дамовы аб стварэнні “Саюзнай дзяржавы” – напрыклад агульныя ўрад і войска, нават назва аб\’яднання, якія супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, павінны быць скасаваны.
 
 Павінна быць таксама гарантавана, што рашэнні аб уваходзе Беларусі ў міждзяржаўныя саюзы прымаюцца толькі на ўсенародных рэферэндумах пад міжнародным кантролем.
 
7. Моўная праблема
 
Правячы рэжым 23 гады знішчае беларускую мову. Для гэтага выкарыстоўваецца ўвядзенне расійскай мовы ў якасці другой дзяржаўнай . Што на практыцы азначае яе манапольнае панаванне ва ўсіх уладных органах і ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У выніку колькасць людзей, якія не размаўляюць па-беларуску, складае пераважную большасць грамадства. Гэта стварае пагрозу не толькі захаванню нацыі, але і незалежнасці дзяржавы. Бо ў Расіі на ўсё больш высокіх узроўнях гучаць выказванні аб “недарэчнасці факта існавання двух асобных суседніх дзяржаў, у якіх размаўляюць на адной мове”.
 
Кампрамісам, які дазволіў бы прадухіліць знікненне беларускай мовы і абараніць правы рускамоўных беларусаў, на дадзены момант магла б стаць сапраўдная рэалізацыя прынцыпа дзвюх дзяржаўных моў. Гэта значыць, што грамадзянін, пры звароце да дзяржаўных устаноў ці служачых на любой з дзяржаўных моў, павінен атрымаць адказ на мове зварота. Таму кандыдаты ў прэзідэнты і дэпутаты парламента, а таксама чыноўнікі, якія працуюць з грамадзянамі, павінны здаваць іспыты на валоданне абедзьвумі дзяржаўнымі мовамі. Каб даць ім такую магчымасць, неабходна парытэтнае выкладанне на абедзьвюх мовах ва ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама стварэнне сеткі моўных курсаў.
 
Гэта толькі магчымыя варыянты грамадскага кампрамісу па найбольш відавочным разнагалоссям. Але рэалізаваць такі кампраміс мажліва толькі праз дэмакратычныя механізмы, якія грамадству яшчэ трэба будзе вярнуць.
 
8. Высновы
 
Выйсці са створанага нязменнасцю ўлады тупіка, пазбегнуць пры гэтым унутранага канфлікта і забяспечыць нармальнае развіццё, немагчыма без кансалідацыі нацыі. Асновай кансалідацыі можа быць аб\’яднанне грамадства вакол базавых каштоўнасцяў, прымальных для пераважнай большасці беларусаў – незалежнасці, змяняльнасці ўлады, мірнага вырашэння ўнутраных канфліктаў, дэмакратыі, імкнення да нейтралітэту. 
 
Паспяховае развіццё Беларусі немагчымае без прыняцця пераважнай большасцю наступных прынцыпаў:
 
– прыярытэт інтарэсаў беларускай дзяржавы перад інтарэсамі ўсіх астатніх дзяржаў і іх блокаў;
 
– прыярытэт агульнанацыянальнага адзінства перад геапалітычнымі, моўнымі ці эканамічнымі разнагалоссямі паміж рознымі групамі насельніцтва;
 
– мірныя сродкі вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў праз дэмакратычныя механізмы.
 
Ад таго, наколькі хутка грамадства зразумее гэтыя відавочныя ісціны, будзе залежыць лёс Беларусі і кожнага з нас.
 
Мікалай Статкевіч                                                                  25.08.217 года