Актуальна

Мікалай Статкевіч: Лёгкіх шляхоў да свабоды не бывае

Кожны раз, калі Беларускі Нацыянальны Кангрэс аб\’яўляе пра чарговую акцыю, у Сеціве інспіруецца дыскусія наконт мэтазгоднасці масавых пратэстаў увогуле. Інтэрнэт-карыстальнікаў палохаюць “майданам, які нічога добрага не дае”. Ад арганізатараў патрабуюць відавочна нерэальных “гарантый”. Беларусам прапануюць лёгкія ды бяспечныя шляхі дэмакратычных перемен. Сярод іх – удзел у “выбарах” на ўмовах рэжыма; зварот у міжнародныя інстанцыі; збор подпісаў за рэферэндум ці пад петыцыямі; стварэнне альтэрнатыўных “уладных органаў”.

Перамены праз выбары – гэта цудоўна. Але праблема ў тым, як атрымаць сапраўдныя выбары замест таго выбарчага цырку, які арганізуе рэжым. Прызначэнне ў тым цырку “дэпутатамі” некалькіх нібыта апазіцыянераў да дэмакратыі нас не набліжае. Не важна, хто пагадзіўся быць клоўнам. Цырк ад гэтага не перастае быць цыркам.

Скаргамі ў міжнародныя суды ці масавымі петыцыямі ў мясцовыя інстанцыі яшчэ ніхто і нідзе ў свеце сабе свабоду не здабываў. Рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека – адзінай міжнароднай інстанцыі, якая прымае скаргі беларусаў – ігнаруюцца беларускай дзяржавай. У 2015 годзе збор подпісаў за “народны рэферэндум” скончыўся толькі перавыкананнем “палатай прадстаўнікоў”, куды перадалі подпісы, плана па здачы макулатуры. А ўявіць сітуацыю, калі, пасля атрымання ад грамадзянаў калектыўнай скаргі на сябе любімую, незаконная карумпаваная ўлада засаромеецца і сыйдзе ў адстаўку, я не магу. Фантазіі не хапае.

Стварэнне альтэрнатыўных дзяржаўных інстытуцыяў мае сваю гісторыю. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х, пасля параз на выбарах, тагачасны БНФ пачаў прыём у “грамадзянства БНР” і нават выдачу адпаведных пашпартоў. Гэты сыход у альтэрнатыўную рэальнасць нічым не скончыўся і пра яго хутка забылі. А вось спроба вясной 1999-га арганізаваць альтэрнатыўныя прэзідэнтскія выбары скончылася кепска. Тады спісы альтэрнатыўных выбарчых камісій, складзеных пераважна з сябраў апазіцыйных арганізацый, былі пададзены ў мясцовыя выканкамы. У выніку ўсіх членаў гэтых камісій пачалі цягаць у КГБ на допыты па крымінальнай справе аб стварэнні незаконных дзяржаўных органаў. Пасля такой “падставы” значная частка актывістаў адмовілася ад удзелу ў палітычнай дзейнасці.

Як бы нам не хацелася бяспечных і лёгкіх шляхоў да свабоды, іх не бывае. Мірныя перамены патрабуюць працы, мужнасці і цярпення. Бо прыйдзецца неаднаразова выходзіць на плошчы нашых гарадоў, каб прымусіць уладу да саступак. Перамога патрабуе выхаду на вуліцы соцен тысяч. Буйныя акцыі могуць пачацца толькі пасля меньшых. Усё пачынаецца мужнай меньшасцю. Але цяжка прадказаць, калі канкрэтна ў яе атрымаецца запусціць гэты працэс.

У Дзень вызвалення – 3 ліпеня ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска адбудзецца масавая акцыя. Наблізім час вызвалення. Беларусь будзе вольнай.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

26.06.2017 г.

Мікалай Статкевіч