Праграма партыі

Мікалай Статкевіч. “Мужыкі, казакі і шляхетная нацыя”

Если имена неправильны, то слова не имеют под собой оснований. Если слова не имеют под собой оснований, то дела не могут осуществляться…

Конфуций. «Беседы и суждения»

“Як вы яхту назавеце, так яна і паплыве”. Выраз гэты ўжо зашмальцаваны ад частага ўжывання, але таму яго і зацягалі, што трапны і праўдзівы. Мабыць, яго аўтары ўжо ведалі пра нейралінгвістычнае праграмаванне. Ды і падыходзяць гэтыя словы не толькі да яхтаў, але і да шмат чаго. Напрыклад, да нацыяў.

“Афіцыйныя” назвы нацыяў кранаць не будзем. Пагаворым пра нефармальныя — пра тыя, якімі народ сам сябе вызначае, ці якім хоча адпавядаць. Такія назвы, па сутнасці, — гэта фармулёўка нацыянальнай ідэі адным словам. З’яўляюцца яны рознымі шляхамі. Якую эліта зверху накіне, якая знизу ў народзе народзіцца, не зважаючы на меркаванні вярхоў. А бывае і нейкая камбінацыя гэтых двух варыянтаў.

Напрыклад, у балтыйскіх краінах на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя былыя дысыдэнты прапанавалі, а былыя камуністычныя начальнікі падтрымалі ідэю “еўрапейскасці” сваіх нацый. І, адпаведна, неабходнасці іх далучэння да адзінай Еўропы. Ідэя была падтрымана народамі, якія пачалі імкнуцца адпавядаць еўрапейскім нормам, і нават рэалізавана. Праўда, пасля інтэграцыі гэтых краін у ЕС, нічога такога простага і прыцягальнага там нарадзіць больш не атрымалася. Таму інтэграцыя ў Еўропу працягнулася ўжо на персанальным узроўні. У выніку насельніцтва Прыбалтыкі значна паменела з-за пераезду самых маладых і адукаваных тамтэйшых “еўрапейцаў” у больш заможныя еўрапейскія краіны.

А вось яскравым прыкладам народнай творчасці ў справе генерацыі кароткай формулы нацыянальнай ідэі з’яўляецца Расія. І гучыць там тая ідэя так – “мужык”. Менавіта гэтае слова з’яўляецца ў Расіі кампліментам сапраўднаму мужчыне. Не будзем даследваць, чаму сінонім сельскагаспадарчага раба, якім гэта слова было яшчэ паўтары стагоддзі таму, зрабіўся кампліментарным. Мабыць, ёсць у ім нешта, што рэзануе з расійскай народнай свядомасцю. Дарэчы, нават і ў ХVIII стагоддзі наша шляхта называла Расію мужыцкай, гэта значыць, рабскай дзяржавай, бо там нават дваране былі, па сутнасці, рабамі цара.

Але нацыянальная ідэя не толькі адлюстроўвае цяперашні стан масавай свядомасці. Яна яшчэ і фармуе яе, уплывае на яе будучыню.

Пры словах “сапраўдны мужык” узнікаюць асацыяцыі грубаватага, праставатага, фізічна моцнага чалавека, які любіць пабіцца і можа выпіць шмат гарэлкі, чым вельмі ганарыцца. Адпраўлены на вайну, мужык ваюе адчайна, не шкадуючы ні свайго, ні чужога жыцця. Сяброўка мужыка – баба. У ранняй маладосці бабу можна зблытаць з жанчынай. Але пасля 30 гадоў адрозненне робіцца заўважным нават візуальна.

Як гэтая нацыянальная ідэя ўплывае на расійскую сучаснасць і будучыню можна лёгка паказаць, паставіўшы слова “мужык” побач са словамі “грамадзянская супольнасць”, “правы чалавека”, “дэмакратычныя выбары”, урэшце, “інавацыі” і “высокія тэхналогіі”. Не зусім вяжацца, як кажуць. Праўда, напрыканцы 2011 года раптоўна выявілася, што ў Расіі, акрамя мужыкоў і баб, ёсць яшчэ дастаткова вялікая колькасць мужчын і жанчын, што дае надзею на нармальную будучыню нашай усходняй суседкі.

Ва Украіне нацыянальная ідэя — “казак”. Стагоддзямі яна прысутнічала ў народнай свядомасці, а потым была канчаткова сфармулявана і замацавана нацыянальнай інтэлігенцыяй.

Асацыяцыі са словам “казак” звычайна наступныя – вольналюбства, смеласць на вайне, супраціў уціску на сябе. Але, да таго ж, казак любіць пагуляць. Прычым робіць гэта зацята, і куды больш ахвотна, чым працаваць. Запарожскія казакі жылі за кошт набегаў на чужыя землі, дзе можна было разжыцца “варожай” маёмасцю. Таму іх нельга западозрыць у павазе да чужой уласнасці. Гэтак жа, як і ў вялікай павазе да закона.

Вынік уздзеяння ўкраінскай нацыянальнай ідэі на становішча гэтай краіны мы і назіраем зараз. Імкненне да свабоды, схільнасць да карупцыі і непавага да закона — увесь гэты “букет” адлюстроўвае стан масавай свядомасці ўкраінскага грамадства. Наданне “казаку” ключавой ролі ва ўкраінскай дзяржаўнай ідэалогіі гарантуе самаўзнаўленне такіх рысаў грамадства ў будучыні. Калі, безумоўна, эліты не паклапоцяцца аб карэкцыі нацыянальнай ідэі. Ці, хаця б, антыкарупцыйнага заканадаўства.

У адрозненне ад суседзяў, беларусы не маюць такой кароткай і ёмкай формулы нацыянальнай сутнасці і ідэалу. Але самаўяўленне аб гэтай сутнасці, хай і не сфармуляванае коратка і дасціпна, безумоўна, прысутнічае ў масавай свядомасці нашага грамадства.

Беларусы лічаць сябе працавітымі, цярпімымі да іншых, схільнымі да парадку, не вельмі прыхільнымі да п’янства і непрыхільнымі да карупцыі. Яны ахвотна падпарадкоўваюцца закону і ўспрымаюць сябе, як неканфліктных і спакойных, але, пры варожых дзеннях да іх, здольных даць жорскі адпор крыўдзіцелю. Яшчэ беларусы лічаць, шо ім уласціва высокае пачуццё абавязку і ўласнай годнасці.

Крыніцай большасці з гэтых якасцяў, (дакладней, станоўчага ўяўлення пра іх) можна лічыць даўнейшую беларускую шляхту.Некалі гэтае саслоўе вольных людзей, з маленства прывучаных валодаць зброяй і ездзіць верхам на конях, складала да 12% насельніцтва нашага краю. Шляхта была палітычным класам, які бараніў краіну, праз сваіх абраных прадстаўнікоў у соймах фармаваў законы і імкнуўся жыць па гэтым законам. Шляхта выбірала каралёў і кожны з яе лічыў сябе роўным каралю. Дарэчы, такое самавызначэнне мела ў той час і нямала негатыўных наступстваў, бо вяло да шматлікіх унутраных канфліктаў ва ўмовах атачэння варожымі аўтакратыямі.

Быўшы вайсковым саслоўем, шляхта губляла шмат сваіх прадстаўнікоў у войнах. Але папаўнялася з ліку выбітных прадстаўнікоў іншых саслоўяў, у тым ліку, і з сялян, што здзейснілі подзвігі падчас вайны. Большасць шляхты не была заможнай і сама апрацоўвала сваю зямлю. Канфлікты, у тым ліку і маёмасныя, шляхта імкнулася вырашаць у судах.

Пасля захопу нашых земляў Расійскай імперыяй значная большасць шляхцічаў атрымала адмову ў расійскім дваранстве і была змушана перайсці ў сялянскае саслоўе, прыўнесшы туды значную частку ўласцівых ёй якасцяў. Мабыць, большасць беларусаў, “пакалупаўшыся” ва ўласных радаводах, знойдзе там шляхетнага продка. Але, незалежна ад паходжання, усе мы можам лічыцць сябе спадкаемцамі гэтай унікальнай у сусветнай гісторыі з’явы – беларускай шляхты. Бо ўсе, хто жыве на нашай зямлі, атрымалі ў спадчыну частку яе рысаў, яе духа.

Таму, каб коратка сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю, не трэба нічога выдумляць. Дастаткова проста ўспомніць, кім вызнавалі сябе гэтыя людзі. А называлі яны сябе так – “шляхетная нацыя”.

Рысы, уласцівыя беларускай шляхце, не пярэчаць, а, ў большасці, супадаюць з патрабаваннямі сучаснага развіцця. Каб узмацніць альбо абудзіць іх у грамадскай свядомасці, нам трэба ўспомніць, хто мы ёсць і адкуль ідзем. Успомніць наш шлях, каб стаць сапраўды “шляхетнай нацыяй”.

Мікалай Статкевіч. 10 красавіка 2013 года. Магілёў, турма № 4

hramada.org