Навіны

Мікалай Статкевіч: Мы б даціснулі ўладу і на шэсце, і на канцэрт

Нягледзячы на спрэчкі вакол Дня Волі і раптоўную падачу новай і няўзгодненай заяўкі на правядзенне гэтага свята ў Менску, праца аргкамітэта па святкаванні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі павінна працягвацца, – лічыць старшыня незарэгістраванай партыі Народная Грамада Мікалай Статкевіч:

– Было б непавагай да большасці аргкамітэта спыняць працу. Я думаю, што першае, што мы мусім зрабіць, гэта ў панядзелак на чарговым паседжанні аргкамітэта заслухаць тыя арганізацыі, якія ўвайшлі ў перамовы з уладай. Яны прыйшлі, дамовіліся,  улада скасавала агульную заяўку. І пасля яны падалі сваю заяўку ў тым варыянце, які ўладу задавальняе. Я думаю, што гэта вельмі кепскі крок. Гэта, па-першае, раскол. Змова з уладай. Атрымліваецца, што ўлады для іх лепшыя сябры, чым астатняя частка апазіцыі. Калі б не было гэтай змовы, то я ўпэўнены, што мы б даціснулі ўладу і на шэсце, і на канцэрт. Таму што ўладзе падзецца няма куды. Да яе звярталіся на вельмі высокім узроўні. Мы б атрымалі годнае шэсце, як планавалі. І мы атрымалі б канцэрт. І было б годнае святкаванне. І людзі б нас не папракалі. Такія дзеянні даказваюць, што любы раскол адразу дае ўладзе магчымасць рабіць, што яна хоча.

Пяць арганізатараў: партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, АГП, БСДП (Грамада) ды асветніцкая ўстанова „Амарока” 28 лютага падалі новую заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка каля Опернага тэатра мітынгу і канцэрта з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя