Мікалай Статкевіч: Мы годна ўшанавалі тых, хто змагаўся за нашу свабоду
У Менску прайшла акцыя, прымеркаваная 19 гадавіне рэферэндуму 1996 года.
Яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.
Супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы на палітыкаў Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, на ўдзельнікаў акцыі Антона Жылку, Станіслава Паўлянковіча і Андрэя Давідовіча за бел-чырвона-белыя сцягі, на каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, на лідара беларускіх прадпрымальнікаў Алеся Макаева, на праваабаронцу-назіральніка Сяргея Каспяровіча, а таксама на журналістаў Дзмітрыя Галко і Галіну Абакунчык.
Каментуючы вынікі акцыі, Мікалай Статкевіч сказаў «Радыё Свабода», што агульная колькасць пратаколаў пакуль невядомая:
«Яны пачалі складаць пратаколы нават на журналістаў і праваабаронцаў, якія былі апранутыя ў спецыяльныя камізэлькі. Магчыма, што міліцыянты пачалі складаць пратаколы адзін на аднаго. Бо, відаць, была пастаўленая задача скласці як мага больш пратаколаў. Яны наважылі павялічыць колькасць пратаколаў, каб запалохаць людзей. Таму будзем сачыць далей за судовымі працэсамі. І калі будуць штрафы, будзем шукаць магчымасць усім дапамагчы. Магчыма, будзем аб\’яўляць збор сродкаў. У мяне сітуацыя асаблівая, маёмасці ў мяне няма. Але ёсць вайсковая пенсія, на якую звычайна пачынаюць ускладаць штрафы. Але не ва ўсіх такая сітуацыя, і я казаў людзям, каб яны звярталіся да мяне, – будзем ім дапамагаць.
Але гэта, безумоўна, не спыніць дзейнасць і актыўнасць. Я планую наступную акцыю. Яна будзе мець іншы фармат і, магчыма, будзе накіраваная на пэўную сацыяльную групу».
Мікалай Статкевіч адзначыў, што сённяшняя акцыя прайшла годна:
«Людзі прыйшлі і паказалі, што яны не баяцца. Яны прыйшлі ў тыя месцы, якія ўважаюцца за месцы страху. Гэта ўлада спалохалася, і спалохалася чамусьці больш за ўсіх МУС, якое загарадзіла свой будынак сеткай. Каб, так бы мовіць, не апаганілі сакральнае месца. Гэта, бадай, можна трактаваць як самапрыніжэнне. Дом урада не здагадаліся агарадзіць. Безумоўна, страх прысутнічаў у людзей. Гэта было бачна па тым, што значная частка людзей, у тым ліку тыя, якія ішлі наперадзе з сімволікай, падышоўшы да Дома ўрада, сышлі з акцыі. Прыблізна траціна сышла. Але тым не менш акцыя прайшла ў дастатковай колькасці, каб меркаваць, што мы па-сапраўднаму і годна ў краіне страху ўшанавалі тых, хто змагаўся за нашу свабоду».
Удзельнікі правялі шэсце ад ГУМа да будынкаў МУС і ЦВК, дзе ўшанавалі памяць зніклых апазіцыянераў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.
«Мы не ведаем, дзе яны пахаваныя, але мы ведаем, дзе яны працавалі. Мы пойдзем пад вокны кабінета, дзе працаваў Юрый Захаранка, і запалім там свечкі. Потым мы пойдзем да ЦВК», – сказаў Мікалай Статкевіч.
Са словаў палітыка, яшчэ адна мэта акцыі – «тэрапія ад страху»:
«Як вы памятаеце, 29 кастрычніка мы правялі акцыю каля КДБ, МУС, і Дома ўрада – гэта тыя будынкі, якія выклікаюць у простых беларусаў страх. Магчыма, людзі пасля сённяшняй акцыі стануць менш баяцца», – сказаў Статкевіч.
Уваход у будынак МУС быў абнесены будаўнічай металічнай агароджай, за якой стаяў самазвал. Гэта перашкодзіла ўдзельнікам акцыі паставіць свечкі каля будынка.
Каля правага крыла Дома ўрада, у якім размяшчаецца ЦВК, Някляеў заявіў, што тут былі сфальсіфікаваныя вынікі рэферэндуму, у выніку чаго беларусы «страцілі нацыянальную сімволіку, па сутнасці была скасаваная дэмакратычная Канстытуцыя і замененая на напісаную Лукашэнкам, у адпаведнасці з якой яму было дадзенае права пажыццёвага праўлення».
«Інакш як злачынствам гэта не назваць. Мы прыйшлі сюды, каб нагадаць уладзе, што мы памятаем пра зробленае ёю і што ёй усё адно давядзецца за гэта адказваць», – сказаў Някляеў.
Мікалай Статкевіч адзначыў, што рэферэндум 1996 года быў «кансультацыйным, але Лукашэнка ўсё адно падоўжыў сабе кіраванне». На думку палітыка, гэта з\’яўляецца «асабліва цяжкім злачынствам».