Мікалай Статкевіч: Мы павінны скарыстацца момантам, каб вярнуць прастору свабоды
Цяпер такі шанец ёсць – ва ўладаў звязаныя рукі.
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info аб судовых прысудах пасля акцый, ціску на грамадзянскую супольнасць і сваё стаўленне да прыпынення санкцый Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.
29 кастрычніка ў Менску прайшла акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая праходзіла ля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці з ініцыятывы былога палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча.
Супрацоўнікі міліцыі чарговым разам склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі.
– Гэта будуць не першыя адміністрацыйныя справы за акцыі, наперадзе – суды… Як вы ацэньваеце папярэднія судовыя прысуды?
– Гэта спроба запалохаць грамадства. Ва ўладаў звязаныя рукі, каб хапаць людзей падчас акцый, рэжыму патрэбныя грошы. І гэтых грошай ужо не стае. Таму яны павінны трываць нас, а мы павінны карыстацца момантам, каб вярнуць для пачатку прастору свабоды ў цэнтры Менска. Бо людзей спачатку заганялі на плошчу Бангалор, а потым ужо і тая плошча ўважалася «за шчасце». Цяпер улады не могуць масава хапаць людзей, не могуць арыштоўваць арганізатараў мерапрыемстваў, а таму абралі тактыку вялікіх штрафаў. У надзеі, што заходнія партнёры не будуць жорстка рэагаваць на такое пакаранне.
– На ваш погляд, доўга такая сітуацыя будзе працягвацца?
– Штрафы маглі б даваць бясконца, але, напрыклад, у маёй сітуацыі ёсць абмежаванні. У мяне ўжо ёсць тры адміністрацыйныя спагнанні. І цяпер уладзе трэба нешта думаць. Альбо спыняцца, альбо ўводзіць прэвентыўны нагляд за Мікалаем Статкевічам, а далей ужо і да зняволення не так далёка. І тады навошта была ўся гэтая гульня з Захадам? Я не ведаю, што будзе далей. Проста карыстаюся магчымасцю, каб зрабіць нашае грамадства больш свабодным, каб паменшыўся ўзровень страху.
– Ці адчуваеце вы на сабе нейкі ціск з боку ўладаў пасля вызвалення?
– Яго няма. Ціск на нас бывае ў нашай жа галаве. Калі нас палохаюць, а мы баімся, тады гэта ціск. Мяне, магчыма, спрабуюць напалохаць штрафамі, а мне ад гэтага проста смешна. Не бойцеся, і будзеце маладыя, прыгожыя і здаровыя!
– Як вы ставіцеся да прыпынення санкцый з боку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі?
– Добра, што санкцыі прыпынілі, а не цалкам скасавалі. Мне, напрыклад, было б усё адно, ці паедуць беларускія чыноўнікі на закупы ў «Акропаліс». Хай бы з\’ездзілі і паглядзелі на тыя кошты і параўналі з нашымі. Але я ўвесь час кажу, што тут ёсць і пэўны маральны сэнс. Гэта сігнал нашаму грамадству, што каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, якіх вы прагнеце, – не зусім для вас. Такі сігнал цяжка людзьмі ўспрымаецца. А мы будзем даводзіць, што свабода і дэмакратыя – гэта наша. Вось выйшлі да будынка КДБ – і давялі. Паглядзім яшчэ, хто пераканае нашае грамадства. А нашы еўрапейскія калегі хай самі пільнуюць свае справы і глядзяць на тое, з кім ім сябраваць. Але, паўтаруся, санкцыі прыпынілі, але не скасавалі, таму грэх не скарыстацца дадатковай магчымасцю для працы.