Актуальна

Мікалай Статкевіч – на з’ездзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны ў Бэрліне

Лідар беларускай апазіцыі правёў шэраг сустрэч з нямецкімі і еўрапейскімі палітыкамі.

«Зараз я знаходжуся на з\’ездзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, партнёрскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная грамада»), – сказаў ён. – Мяне запрасілі ў Бэрлін адразу пасля вызвалення. Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны прыклала вялізныя намаганні для таго, каб я выйшаў з турмы. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі прыязджалі не толькі ў Менск, але і Маскву, каб дамагчыся гэтага з дапамогай расейскіх улад. Марцін Шульц – кіраўнік Еўрапарламента і сябра СДПГ – неаднаразова патрабаваў майго вызвалення, сустракаўся з маёй жонкай Марынай Адамовіч. Падзякаваць ім было маім маральным абавязкам.

СДПГ уваходзіць у кіроўную кааліцыю, а Нямеччына ў пэўнай ступені вызначае палітыку аб\’яднанай Еўропы. Таму для мяне вельмі важным было несці сваю пазіцыю да яе кіраўніцтва, бо шмат у каго з\’явіліся ілюзіі пра тое, што Лукашэнка будзе мяняцца, а ў краіне будуць праходзіць перамены ў бок дэмакратызацыі».

Мікалай Статкевіч правёў шэраг сустрэч – з прэзідэнтам Еўрапарламента Марцінам Шульцам, дэпутатамі і кіраўнікамі сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў Еўрапарламенце,

дэпутатамі Бундэстагу.

«Адбылася размова і з пераабраным старшынём СДПГ Зігмарам Габрыэлем. Мне было прыемна пачуць ад яго аб той вялікай працы, якую зрабілі для майго вызвалення мае жонка і дочкі, – сказаў палітык. – Далёка не ўсе еўрапейцы з\’яўляюцца прыхільнікамі real politik. Большасць з тых, з якімі я размаўляў, выступаюць за правядзенне палітыкі, грунтаванай на вартасцях.

На з\’ездзе было шмат гасцей з розных еўрапейскіх краін. Усе яны сядзелі ў першым шэрагу. Выступала Фэдэрыка Магерыні, прэм\’ер-міністры Аўстрыі, Францыі і Швэцыі. Усе яны казалі пра будучыню Еўрапейскага Звязу, пра пагрозы, якія стаяць перад ім. Са слоў выступоўцаў, супольнасць павінна захавацца на базе тых традыцый і вартасцяў, на якіх яна была заснаваная.

Маіх суразмоўцаў цікавіла сітуацыя ў Беларусі і магчымасці, якія цяпер расхінаюцца. Некаторыя з іх, у тым ліку дэпутаты Бундэстагу, мерацца прыехаць у Менск найбліжэйшым часам. Я тлумачыў, штосітуацыя змянілася толькі ў адным: беларускі эканамічны калгас блізкі да краху і патрабуе, каб яго фінансавалі не толькі з Масквы, але і з Брусэля. Таксама ішла размова аб «парламенцкіх выбарах», якія павінны прайсці ў нашай краіне ў наступным годзе, аб магчымай стратэгіі апазіцыі, аб магчымым яе аб\’яднанні на еўрапейскай платформе. Я казаў пра тое, што намаганні для дэмакратызацыі краіны павінны прыкладацца адначасова як знутры, так і звонку. Еўрапейскі Звяз павінен патрабаваць змены выбарчага заканадаўства да гэтых «выбарах» як умовы нармалізацыі стасункаў. Калі гэтага не адбудзецца, то трэба дамагацца змены сітуацыі з дапамогай вулічных акцый і арганізацыі Плошчы пасля іх правядзення».

Хартыя\’97