Мікалай Статкевіч не атрымлівае незалежную прэсу па падпісцы
Не так даўно жонка Статкевіча Марына Адамовіч перадала яму ў следчы ізалятар Жодзіна тэлевізар.
“Газет жа няма, хоць ад прапагандонаў нешта пачуе, – распавядае Марына. – Пытаюся: ці працуе?”
“… Тэлевізар працуе, – адказаў у адным з лістоў Мікола Статкевіч. – Хоць з-за размяшчэння разеткі яго прыходзіцца ставіць на тазік. Але я гляджу пераважна інфармацыйныя перадачы. Таму глядзець іх з тазіка – у гэтым ёсць пэўны сімвалізм”.
Статкевіч не атрымлівае незалежную прэсу, на якую быў падпісаны ў ізалятары. Жонка ў сваім лісце патлумачыла яму, з-за чаго гэта здарылася.
“Тут амаль пастаянна працуе першая праграма беларускага радыё, – напісаў Статкевіч ў чарговым лісце Марыне Адамовіч. – Ды яшчэ навіны па тэлевізары з тазіка гляджу. Так што афіцыйная інфармацыя ёсць. Але альтэрнатыўнай не стае. З тазіка ўвесь час толькі і кажуць пра пратэсты. Сёння сказалі, што затрыманы 91 чалавек перад сённяшняй акцыяй. Мая павага людзям, якія выходзяць!
Масавая блакіроўка альтэрнатыўных сайтаў у такія часы, калі каласальны попыт на альтэрнатыўную інфармацыю, сапраўды прывядзе толькі да масавага выкарыстання сродкаў абыходу блакіровак. Ды росту папулярнасці тэлеграм-каналаў і аднаўлення цікаўнасці да сацсетак”.
Марыя Адамовіч, facebook.com