Асабістая думка

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ: НЕБЯСПЕЧНЫЯ ГУЛЬНІ „ЎТРЫМАНКІ” І „ПАПІКА”?

У расейскіх сродках масавай інфармацыі ўсё часцей з’яўляюцца матэрыялы пра незадаволенасць Крамля кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У публікацыях гаворыцца, што кіраўніцтва Расеі вырашыла не падтрымліваць яго больш, у тым ліку на прэзідэнцкіх выбарах. Што Расея пачынае паглынаць Беларусь.

Па меркаванні аднаго з лідараў Руху салідарнасці „Разам” Вячасава Сіўчынка, гэтая інфармацыйная кампанія з’яўляецца часткай гібрыднай, прапагандысцкай вайны, якую Расея вядзе, у тым ліку, і супраць Беларусі.

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч разглядае пагрозлівыя публікацыі ў расейскіх СМІ трохі па-іншаму:

Прычына банальнаягрошы. Бо беларускі рэжым утрымоўвае амаль 200 тысяч “праваахоўнікаў”, – параўнайце з 38 тысячамі вайскоўцаў у пагонах, і зразумела, хто галоўны вораг для гэтага рэжыму… Дык вось, для ўтрымання гэтых амаль 200 тысяч так званых “праваахоўнікаў” трэба вялікія грошы.

Гэтак жа, як для падтрымання калгаснай мадэлі эканомікі, якая неэфектыўная эканамічна, але дазваляе кантраляваць 80 адсоткаў працуючых.

Калі раней Лукашэнка ўчыняў усялякія дэмаршы напярэдадні сустрэч з Пуціным, каб атрымаць больш грошай, так зараз такая ж сітуацыя ідзе з двух бакоў, таму што ў Расеі грошай стала менш.

Гэта ўсё нагадвае лаянкі „ўтрыманкі” і „папіка”. У „папіка” стала менш грошай, а „ўтрыманцы” грошы вельмі патрэбны. І вось яны пачынаюць нагнятаць перад тым, як сустрэцца і гандлявацца.

„Утрыманка” пачынае намякаць, што нейкі Захад больш прапануе, ну, а „папік”, у сваю чаргу, пачынае пагражаць. Але нікуды яны адзін ад аднаго не дзенуцца. Таму што для Расеі больш ідэальнага кіраўніка, чым Лукашэнка, тут не будзе. Ну і гэтай „утрыманцы” хто яшчэ столькі дасць? Так што гаворка ідзе найперш пра грошы.

Яшчэ „папік” за меншыя грошы хоча больш паслуг. Магчыма, базу. Магчыма, каб нарэшце тое, што было запісана ў дамове аб саюзнай дзяржаве, было рэалізавана. А там ёсць агульнае войска, агульная валюта, агульная мяжа, урад, парламент і прэзідэнт. Вось і лаюцца.

racyja.com