Навіны

Мікалай Статкевіч: Нельга пакідаць сваіх.

Рэжым не можа зараз саджаць у турмы сваіх апанентаў. Таму ён пачаў саджаць туды іх дзяцей.

Не ўсе бацькі хочуць расказваць пра такія асабістыя трагедыі, каб не пашкодзіць сваім дзецям яшчэ болей. Але некаторыя з такіх выпадкаў робяцца вядомымі.

Падчас сустрэчы прадстаўнікоў аргкамітэта Кангрэса дэмсілаў у Бабруйску я пазнаёміўся з грамадскім актывістам Алегам Жэлновым. Алег збіраў інфармацыю пра парушэнні закону чыноўнікамі ці супрацоўнікамі міліцыі і размяшчаў яе ў Інтэрнэце. На яго ціснулі, у яго дома неаднаразова праводзілі вобшукі. Не застрашылі. Тады на 3 гады пасадзілі на “хімію” сына Алега – Аляксея. Нібыта Аляксей, які здымаў на відэа размову свайго бацькі з супрацоўнікамі аўтаінспекцыі і быў затрыманы за гэта, пасля затрымання напаў на аднаго з іх. Суддзю не засмуціла, што сведкі-міліцыянеры давалі супярэчлівыя паказанні, што на відэакамеры, якая ўвесь час працавала ў рэжыме аўдыязапісу, не чуваць гукаў барацьбы. Чамусьці гэта не засмуціла і праваабаронцаў.

Пасля зняволення сына Алег не спыніў сваёй грамадскай дзейнасці. Тады яму працягнулі помсціць праз сына. Аляксея з “хіміі” ў Гомелі, дзе жыве яго жонка, перавялі ў Новаполацк. Яго прымусова працаўладкавалі побач з камендатурай – у мясцовы ЛТП. Таму ён увесь час знаходзіцца пад аховай. На “хіміі” не кормяць, а яго не адпускаюць нават у краму за хлебам. Яго не выпускаюць у горад і для сустрэчы з жонкай. Такім чынам, умовы на “хіміі” штучна ператвораны для яго ва ўмовы калоніі.

Але гэтага падалося мала. Зараз на яго накладваюць спагнанні па любым нагодам, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за “парушэнні рэжыму” і перавесці ў калонію.

22 сакавіка падчас выступу на канферэнцыі ў Еўрапарламенце я расказаў пра гэты выпадак. Ўчора, пасля сустрэчы прадстаўнікоў аргкамітэта Кангрэса дэмсіл з грамадскасцю Новаполацка, разам з Уладзімірам Някляевым мы наведалі Аляксея на “хіміі”. Прыстойны, моцны і інтэлігентны малады чалавек. Пагаварылі і з прадстаўніком адміністрацыі. Тое-сёе патлумачылі.

Заклікаю да салідарнасці з Аляксеем. Нельга пакідаць сваіх.

Чамусьці ў галаву прыходзяць словы з Барыса Грэбеншчыкова: “…люди, стрелявшие в наших отцов, строят планы на наших детей”.