Мікалай Статкевіч падцвердзіў новыя захады адміністрацыі
“Сёння выклікалі на размову і ў “ненавязлівай” форме давялі, што каб выйсці на свабоду, дастаткова напісаць прашэнне аб памілаванні, нават без прызнання сваёй віны” – паведаміў Мікалай Статкевіч у кароткім лісце да жонкі.
Ліст ад 18 чэрвеня прыйшоў пасля доўгага перапынку, калі ліставанне з палітвязнем перарвалася – Мікалай Віктаравіч паведаміў, што былі знішчаныя некалькі яго лістоў.
Адказ на “прапанову” быў прадказальным: “Адказаў, што не бачу ніякай розніцы (з прызнаннем ці без) (рэд.) і нават на секунду не дапускаю думкі аб магчымасці “папрасіцца”” – паведаміў палітвязень, кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч.
Гэты ліст падцвердзіў інфармацыю, якая была агучана раней, аб узмацненні ціску на палітвязня. Мікалай Віктаравіч паведаміў таксама, што атрымаў адказ з Магілёўскай абласной пракуратуры на сваю ранейшую заяву. “Безумоўна, “… з улікам асобы асуджанага…”, спагнанне было накладзена правільна ” – піша палітвязень.
Нагадаем, што Мікалай Статкевіч быў прызнаны “злосным парушальнікам парадку адбывання пакарання”, “схільным да нападу” і “да ўцёкаў”. Гэтымі “пачэснымі званнямі” яго “ўганаравала” адміністрацыя шклоўскай ПК №17. Падобна, што адміністрацыя магілёўскай турмы №4 вырашыла пайсці па шляху шклоўскіх калег.
У адказ за шматлікія парушэнні правоў зняволеных, прымяненне катаванняў у дачыненні да палітзняваленых чатыры (!) прадстаўнікі адміністрацыі ПК №17 унесеныя ў спіс неўяздных Еўразвязу.