Мікалай Статкевіч папярэджвае…
Мікалай Статкевіч папярэджвае: “Не спрабуйце напісаць прашэнне за мяне – “пракаментую” адэкватна…”
«Зноў пачалася нейкая мітусня. Адчуванне, што шукаюць «спосабы». Успомніў, што ў Шклове, калі пачаўся ціск, мне пагражалі напісаць прашэнне аб памілаванні замест мяне, ды так, што «ніякая экспертыза не пакажа». Каб зберагчы ад спакусы, папярэджваю – у выпадку падробкі «пракаментую» так, што мала не падасца. Я ўмею», – адзначыў Мікалай Статкевіч у сваім лісце.
Марына Адамовіч, жонка палітычнага вязня, нагадала, што падобныя правакацыімелі месца ў шклоўскай калоніі яшчэ ў ліпені-жніўні 2011 года.
«7 ліпеня 2011 года, праз нейкіх тры тыдні пасля этапавання туды Міколы, у Шклоў, на завод газетнай паперы, які літаральна мяжуе з калоніяй №17, прыехаў Лукашэнка. І там, ля сцен вязніцы, ён зрабіў публічную “прапанову” палітзняволеным, што прадаставіць ім цягнік ці нават уласны самалёт, толькі б яны напісалі прашэнне аб памілаванні і з\’ехалі з краіны.
Ціск на хлопцаў ( у Шклове на той момант “сядзелі” пяцёра палітвязняў) пачаўся адразу ж…
Калі хлопцы адмовіліся пісаць прашэнні, то ім сталі пагражаць, што за іх усё напішуць адмыслоўцы-«майстры» і зробяць гэта так, што ніякая графалагічная экспертыза гэтага не вызначыць. Мне пра гэта распавядалі раней тыя, з кім удалося паразмаўляць пасля вызвалення», – паведаміла Марына Адамовіч.
Жонка Статкевіча адзначыла, што «Мікалай лічыць, што чыноўнікі зараз шукаюць выйсце з сітуацыі. Нейкая мітусня пачалася вакол турмы. Раней пры спробах прапанаваць “папрасіцца” Мікалай нават зрабіў заяву, каб да яго не звярталіся з такой прапановай.
Зараз Мікалай прыгадаў падзеі двухгадовай даўніны і вырашыў папярэдзіць, што ён памятае тыя спробы і не раіць да іх вяртацца», – упэўненая Марына Адамовіч.