Навіны

Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным

Мікалай Статкевіч пачувае сябе нармальна, просіць падзякаваць тых, хто яго падтрымлівае.

Сёння, 16 сакавіка, Мікалай Віктаравіч патэлефанаваў з турмы жонцы і бацьку.

“Гэта было вельмі кароткае тэлефанаванне, але яно было першым за сем з паловай месяцаў, і я – шчаслівая”, – кажа жонка палітыка Марына Адамовіч. Па яе словах, у Мікалая быў вясёлы, упэўнены голас, ён жартаваў, нагадаў ёй пра “цынічныя выразы”, аб якіх мы пісалі раней. Пра сябе палітвязень сказаў зусім няшмат: ён многа чытае, займаецца гінастыкай, аналізуе падзеі ў краіне і сьвеце. Палітык лічыць, што зараз ужо не павінен праходзіць “танны шантаж”, які пасьпяхова скарыстоўваўся уладай у мінулыя часы, аб чым ён пісаў раней у лісце да жонкі

“Тэлефонная размова была вельмі кароткай, у прысутнасці вялікай колькасці людзей, аб чым можна меркаваць па гучнаму шуму размоваў, які добра было чуваць, і неаднаразова перарывалася, але гэта – вялікая і неспадзяваная радасць,”- кажа Марына Адамовіч.

Асобна Мікалай Статкевіч прасіў перадаць прывітанне агульным знаёмым і тым людзям, якія яго падтрымліваюць, а таксама іншым палітвязням.