Навіны

Мікалай Статкевіч павіншаваў Алеся Бяляцкага з вызваленьнем

 

Першая сёлета сустрэча адбылася паміж палітвязьнем Мікалаем Статкевічам і ягонай жонкай Марынай Адамовіч. Сужэнцы сустрэліся ў магілёўскай турме, дзе ўжо больш за два гады трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта. Марына Адамовіч распавяла пра сустрэчу.

 

Images: camera_01.png Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

«Ён вельмі рады вызваленьню Алеся Бяляцкага і казаў, што ўжо адправіў яму віншавальную паштоўку. Сёньня, напярэдадні нашай сустрэчы, відаць, каб „парадаваць“ яго, падчас прагулкі яму адмыслова прынесьлі гэтую лягерную газэту „Трудавы шлях“. Каб азнаёміўся з тэкстам закону аб амністыі і ўпэўніўся, што на яго гэта не распаўсюджваецца. Але ж ён і не разьлічваў. Мікола прасіў перадаваць Алесю прывітаньне, казаў, што той чалавек вельмі мужны, што вельмі годна вытрымаў выпрабаваньні, якія на яго выпалі і што гэта ўчынак, тое, што Алесь зрабіў — з вялікай літары.»

Карэспандэнт: «А можа Мікалай Статкевіч зараз крыху павысіў і свае шанцы на датэрміновае вызваленьне?»

Марына Адамовіч: «Ён кажа, што як любы чалавек, хоча быць на волі, але што б ні выпала, гатовы прайсьці свой шлях да канца. Але і яго ніколі спадзяваньні не пакідаюць.»

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. Трымаюць палітвязьня ў крытай магілёўскай турме.

Радыё Свабода