Мікалай Статкевіч. Пра "пранкераў" і "праваахоўнікаў"
“Беларусы, не бойцеся. Той, хто ўвесь час баіцца, губляе здольнасць радавацца”,- на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч паведаміў пра “веснавое ажыўленне” і новыя спробы ўціску.
“Вясна ідзе і ўсё ў прыродзе ажывае. Як кажуць, трэска на трэску лезе.
Ажывіліся і палезлі з ўсіх бакоў і гэтак званыя “праваахоўнікі”. Ужо кожны дзень без суда не абыходзіцца. Калі верыць пранкерам і іх СМС-кам, то сёння мяне судзілі ў Маскоўскім судзе (не ведаю, колькі там далі), заўтра павінны ў Ленінскім у нечым “абмяжоўваць”, а паслязаўтра – ужо ў Цэнтральным. Сёння яшчэ мабільны заблакавалі.
Самае смешнае, што гэта здарылася амаль адразу пасля тэлефанавання на яго чалавека, які прадставіўся, як вядомы расійскі апазіцыйны палітык. Не ведаю, ці ён гэта насамрэч, бо можа і гэты пранкерам быў.
Зрэшты, пасля ўсіх гэтых тытанічных высілкаў самых шматлікіх у свеце “сілавікоў” у галаве чамусьці круціцца адна фраза, сказаная адной украінкай пасля ночы з мужчынам: “І цэ – всэ?!”
Беларусы, не бойцеся. Той, хто ўвесь час баіцца, губляе здольнасць радавацца. У тым ліку і вясне. А яна такая прыгожая.”
Мікалай Статкевіч.