Мікалай Статкевіч пра вучэнні «Захад-2017»: Хай забіраюць свае танкі і больш сюды не вяртаюцца
Расейскія вайскоўцы – ужо ў Беларусі. Вучэнні «Захад-2017» – на наступным тыдні. І шматлікія пытанні, як гэта будзе выглядаць і што будзе пасля заканчэння манеўраў. Міністэрства абароны абяцае, што да канца верасня расейскія вайскоўцы пакінуць Беларусь. А экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч рыхтуе акцыю супраціву акупацыі краіны 8 верасня, у найбліжэйшую пятніцу.
Мікалай Статкевіч гаворыць пра ўнутраную і вонкавую акупацыю. Ды запрашае на Кастрычніцкую плошчу сталіцы. Хаця яшчэ некалькі дзён таму сам палітык апынуўся за кратамі. Адбыў пакаранне за травеньскі пратэст. За яшчэ адзін пратэст тэрмін 15 содняў застаецца не адбытым. Але Статкевіч пераконвае, што ў любой сітуацыі павесці пратэст будзе каму.
«Вучэнні ўжо ідуць. Мы не супраць вучэнняў, але асаблівасць гэтых вучэнняў, што на нашую тэрыторыю прыбывае значны кантынгент дзяржавы, якая ваюе з Украінай і знаходзіцца ў нарастаючым канфлікце з іншымі нашымі суседзямі. Гэта патэнцыйнае ўцягванне нас у вайсковае супрацьстаянне», – кажа палітык.
У выпадку пагрозы, на вуліцы выйдуць тысячы людзей, упэўнены Статкевіч.
«Абавязак мужчынаў – бараніць свой дом і краіну. Мы павінны папярэдзіць агрэсараў, што мы будзем гэта рабіць. Хай забіраюць свае танкі-шманкі, салдат, павучацца, пабегаюць і едуць да хаты. І больш пажадана пакуль недзе паблізу ваююць, сюды не вяртаюцца», – кажа Статкевіч.