Мікалай Статкевіч праінфармаваў Менгарвыканкам аб Маршы абураных беларусаў
Акцыя пачнецца 21 кастрычніка а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.
«Даслаў у Менгарвыканкам ліст наступнага зместу:
У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, паведамляю пра намер Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу правесці 21 кастрычніка Марш абураных беларусаў 2.0. Пачатак мерапрыемства – а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.
У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму ў адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай паведамляю пра наш намер правесці 21 кастрычніка акцыю за пяць дзён да яе пачатку.
Ранейшы досвед паведамленняў у Менгарвыканкам аб планаваных мірных сходах паказаў нежаданне ўладаў прытрымлівацца заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў, узятых на сябе нашай краінай. Таму, прапаную выканаць патрабаванні Канстытуцыі і гарантаваць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства».