Мікалай Статкевіч: пустыя канверты замест лістоў
Працягваецца інфармацыйная блакада Мікалая Статкевіча ў магілёўскай турме.
Як мы паведамлялі раней, палітвязень не атрымлівае лісты і паштоўкі з волі ўжо на працягу доўгага часу. Ліставанне магчымае толькі са сваякамі, але нават яго лісты да жонкі не праходзяць цэнзуру. Зрэдку Мікалай Віктаравіч атрымлівае толькі пустыя канверты. Як ён паведаміў у апошнім лісце да жонкі, «усе не прапушчаныя цэнзурай лісты — заказныя. Мабыць ад звычайных лістоў, не прапушчаных да мяне, не прыносяць і пустых канвертаў».
З гэтай нагоды Марына Адамовіч звяртаецца да адрасатаў палітвязня з просьбай: «Калі ласка, не пакідайце беспакараным парушэнне Вашых правоў і правоў Мікалая Статкевіча. Калі Вы на працягу апошніх 1,5 месяцаў пісалі Мікалаю, асабліва заказныя лісты, і не атрымалі адказа, прашу Вас абскардзіць незаконныя дзеянні адміністрацыі і запатрабаваць аднаўлення парушанага права на ліставанне. Вы можаце звярнуцца ў турму, у пракуратуру, каб абараніць свае правы і правы палітвязня».
Акрамя таго, з ліста жонка даведалася, што у Мікалая Статкевіча — новы «сусед» па камеры. «Якія матывы могуць існаваць, каб пераводзіць чалавека, які даўно асуджаны і адбывае пакаранне, у СІЗА, мне невядома. Разумею толькі, што выпадковым гэта быць не можа», — кажа Марына Адамовіч