Навіны

Мікалай Статкевіч: Расправа злачынцаў над сумленным чалавекам

Расправа злачынцаў над сумленным чалавекам за яго спробу спыніць іх злачынствы – так я ўспрымаю суд над апошнім вязнем “Плошчы-2010” Уладзімірам Кондрусем, –

напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч

20 гадоў таму ў выніку антыканстытуцыйнага перавароту Беларусь засталася без легітымнага парламента. У ліпені 1999 г. цяперашні “прэзідэнт”, пасля завяршэння свайго 5-гадовага прэзідэнтскага тэрміну, незаконна працягнуў знаходжанне на пасадзе яшчэ на 2,5 гады і канчаткова згубіў легітымнасць. Падставай для грубага парушэння Канстытуцыі ён назваў кансультацыйны рэферэндум 24 лістапада 1996 года, фальсіфікаваныя вынікі якога так і не былі зацверджаны парламентам.

Захаванне дзяржаўнай улады неканстытуцыйнымі сродкамі з\’яўляецца асабліва цяжкім злачынствам і караецца ў адпаведнасці з дзейсным крымінальным кодэксам мінімум 10 гадамі турмы. Максімум – смяротным пакараннем. (Арт. 357 КК РБ).

Перыядычна гэтае злачынства паўтараецца – на падставе фальсіфікуемых “выбараў”, якія праводзяцца прызначанымі нелегітымным “прэзідэнтам” выбарчымі камісіямі па правілам, прынятым нелегітымным “парламентам”.

19 снежня 2010 года Уладзімір Кондрусь, як і дзесяткі тысяч беларусаў разам з ім, зрабіў сімвалічную спробу перашкодзіць чарговаму акту злачынства. Яго дзеянні былі цалкам законнымі, бо грамадзянін мае права нават нанесці пэўную шкоду, каб прадухіць больш небяспечнае злачынства (арт. 36 КК РБ). А разбітае нейкім шкло – драбяза ў параўнанні са злачынным захопом дзяржаўнай улады яшчэ на 5 гадоў, з забойствам і зняволеннем апанентаў рэжыма, нацыянальнай здрадай і крадзяжом мільярдаў даляраў.

24 лістапада, ў 20-ю гадавіну антыканстытуцыйнага перавароту, у 18.00 на пл. Свабоды ў Мінску адбудзецца мітынг пратэсту супраць дыктатуры з патрабаваннем вярнуць украдзеную ўладу народу.

Свабоду Уладзіміру Кондрусю!

Свабоду ўсім палітвязням!

Мікалай Статкевіч Facebook