Асабістая думка

Мікалай Статкевіч: Рэжым хавае галаву ў пясок

Другі раз за апошнюю чвэрць стагоддзя Беларусі пагражае ваенны канфлікт. Папярэдні раз такая небяспечная сітуацыя была пры распадзе Савецкага Саюза, калі савецкія войскі маглі сілай паспрабаваць спыніць распад камуністычнай імперыі, што непазбежна прывяло б да грамадзянскай вайны. І такія планы тады існавалі. 

Але пагрозу ўдалося своечасова спрагназаваць і прадухіліць. У канцы зімы 1990 г. мной быў перададзены ў найбольш дэмакратычную тады газету “Літаратура і мастацтва ” артыкул, прысвечаны стварэнню беларускіх вайсковых частак. Артыкул быў надрукаваны толькі праз некалькі месяцаў і з яго, за паўтары гады да распаду СССР, пачалася кампанія ў СМІ, прысвечаная стварэнню беларускага войска. Прапанаваны мной план быў рэалізаваны ў пачатку зімы 1992 г. Не адразу, бо адзін вельмі актыўны дэпутат з Магілеўшчыны з “заёмам” некалькі разоў зрываў галасаванне па закону аб стварэнні беларускага войска. Але мы паспелі, савецкія войскі на нашай зямлі былі падпарадкаваны Беларусі і пагроза грамадзянскай вайны была ліквідавана. 
Далей пачалася беларусізацыя войска – вывучалася наша вайсковая гісторыя, пачалі працаваць курсы беларускай мовы для вайскоўцаў. Але пасля першых прэзідэнтскіх выбараў уся гэтая праца была спынена.

Новы “галоўнакамандуючы”, якім іроніяй лёсу апынуўся той самы дэпутат з “заёмам”, заявіў пра жаданне аб\’яднацца ў адну дзяржаву з Расіяй і нават пра сваю гатоўнасць “паўзці ў Маскву на каленях”. У войска пайшло прафесійна служыць шмат тых, хто падзяляў такое жаданне. Ідэялагічная праца ў войску была скіравана на ператварэнне яго па духу ў філію расійскай арміі.
Цяпер кіраўніцтва Расіі, стомленае безвыніковасцю і затратнасцю для сябе шматлікіх інтэграцыйных праектаў, пачало “інтэграцыю” з суседзямі праверанымі ў мінулых стагоддзях метадамі. Беларускае войска апынулася маральна і псіхалагічна негатовым да абароны незалежнасці краіны ад відавочнай небяспекі.

Такая сітуацыя не можа не хваляваць патрыётаў Беларусі. Беларускі Нацыянальны Кангрэс, які з\’яўляецца грамадска-палітычным аб\’яднаннем патрыётаў нашай краіны, звярнуўся да кіраўніцтва рэжыма праз яго “міністэрства абароны” з патрабаваннем даць ацэнку маральна-псіхалагічнай гатоўнасці войска супрацьстаяць пагрозе з усходу. Адказ у стылі “ўсё выдатна” паказаў жаданне рэжыма схаваць галаву ў пясок перад праблемай, відавочнай для ўсіх, хто ведае рэальную сітуацыю ў войску. Таму мы мусілі сфармаваць і перадаць рэжыму праз “міністэрства абароны” нашыя прапановы па падвышэнню маральна-псіхалагічнай гатоўнасці войска да адпору агрэсіі з усіх мажлівых накірункаў.

Атрыманы намі хамскі адказ сведчыць не толькі пра немагчымасць для правячага рэжыма выправіць сітуацыю з войскам, што зразумела з-за яго поўнай марыянеткавай залежнасці ад Масквы. Гэтае хамства яшчэ сведчыць і пра нежаданне нешта рабіць. Я лічу, што кіраўнік рэжыма дапускае для сябе мажлівасць сдачы нашай краіны пры ўзмацненні на яго ціску з боку Масквы. А патрыятычна настроенае войска можа паспрабаваць перашкодзіць дзяржаўнай здрадзе.
Я лічу, што Беларусь апынулася безабароннай перад рэальнай пагрозай. Людзі, якіх мы ўтрымоўвалі дзеля абароны нашай краіны, апынуліся няздатнымі выканаць свой абавязак.
Беларускае грамадства цяпер мусіць вырашыць, як абараніць сваю краіну ад небяспекі.

Мікалай Статкевіч                                                                        15.12.2016

Facebook