Навіны

Мікалай Статкевіч "схільны да нападу і ўцёкаў"

«Увесь час забываю табе паведаміць — я ўсё яшчэ «схільны да нападу і ўцёкаў». Таму штомесячна са мной павінны праводзіць выхаваўчыя размовы» — пра гэта напісаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце да жонкі.

Гаворыць Марына Адамовіч:

— Хутка пасля пераводу Мікалая з калоніі ў турму ў студзені 2012 года стала вядома, што, акрамя таго, што ён быў у экстраным парадку аб\’яўлены злосным парушальнікам рэжыму, «не ставшим на путь исправления» і «намеренным по отбытии вести преступный образ жизни», што і стала, уласна, падставай для пагаршэння рэжыму пакарання, яго яшчэ аб\’явілі і «схільным да нападу і ўцёкаў», што яшчэ больш пагаршае становішча зняволенага, бо над ім усталёўваецца дадатковы нагляд.

Прайшло больш за два гады і днямі, знаходзячыся  ля турмы, я задала сабе пытанне: «А што ж з гэтымі дадатковымі абвінавачваннямі? Ці адмянялі іх?». І, літаральна праз дзень, атрымала адказ, той, што працытавала вышэй. Мікалай ўсё яшчэ «схільны да нападу і ўцёкаў» і  штомесячна з ім  праводзяць «выхаваўчыя размовы». Да таго ж, гэта дазваляе адміністрацыі ўсталёўваць больш шчыльнае назіранне ў камеры і праз «вакенца», і па-іншаму. Але ён жартуе, што рэгулярна «абяцае ні на каго тут не нападаць». Такія вось новыя старыя навіны.

Акрамя таго, Марына Адамовіч зазначыла, ўто Мікалай Статкевіч, як і Мікалай Дзядок, які ўтрымліваецца ў той жа турме, пісаў пра спёку ў камеры. «Яго камера выходзіць, як я ведаю з лістоў, на поўнач, і сонца там бывае рэдка, толькі вясной і ўлетку, але ў спёку і там было задушліва. Таму Мікалай хвалюецца за тых, чые камеры выходзяць вокнамі на поўдзень, і зазначае, што гэта  -«сур\’ёзная плата за мажлівасць бачыць сонца восенню і зімой».

Мікалай Статкевіч яшчэ са снежня 2011 года знаходзіцца пастаянна ў закрытым памяшканні — спачатку ў карцэры і ПКТ шклоўскай калоніі, а з студзеня 2012 года — у магілёўскай турме. Тэрмін яго зняволення на турэмным рэжыме павінен завершыцца ў студзені 2015 года. Пасля гэтага палітык мусіць быць этапаваны ў калонію яшчэ амаль на 2 гады.