Мікалай Статкевіч "схільны да нападу і ўцёкаў"
“Увесь час забываю табе паведаміць – я ўсё яшчэ “схільны да нападу і ўцёкаў”. Таму штомесячна са мной павінны праводзіць выхаваўчыя размовы” – пра гэта напісаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце да жонкі.
Гаворыць Марына Адамовіч:
– Хутка пасля пераводу Мікалая з калоніі ў турму ў студзені 2012 года стала вядома, што, акрамя таго, што ён быў у экстраным парадку аб\’яўлены злосным парушальнікам рэжыму, “не ставшим на путь исправления” і “намеренным по отбытии вести преступный образ жизни”, што і стала, уласна, падставай для пагаршэння рэжыму пакарання, яго яшчэ аб\’явілі і “схільным да нападу і ўцёкаў”, што яшчэ больш пагаршае становішча зняволенага, бо над ім усталёўваецца дадатковы нагляд.
Прайшло больш за два гады і днямі, знаходзячыся ля турмы, я задала сабе пытанне: “А што ж з гэтымі дадатковымі абвінавачваннямі? Ці адмянялі іх?”. І, літаральна праз дзень, атрымала адказ, той, што працытавала вышэй. Мікалай ўсё яшчэ “схільны да нападу і ўцёкаў” і штомесячна з ім праводзяць “выхаваўчыя размовы”. Да таго ж, гэта дазваляе адміністрацыі ўсталёўваць больш шчыльнае назіранне ў камеры і праз “вакенца”, і па-іншаму. Але ён жартуе, што рэгулярна “абяцае ні на каго тут не нападаць”. Такія вось новыя старыя навіны.
Акрамя таго, Марына Адамовіч зазначыла, ўто Мікалай Статкевіч, як і Мікалай Дзядок, які ўтрымліваецца ў той жа турме, пісаў пра спёку ў камеры. “Яго камера выходзіць, як я ведаю з лістоў, на поўнач, і сонца там бывае рэдка, толькі вясной і ўлетку, але ў спёку і там было задушліва. Таму Мікалай хвалюецца за тых, чые камеры выходзяць вокнамі на поўдзень, і зазначае, што гэта -“сур\’ёзная плата за мажлівасць бачыць сонца восенню і зімой”.
Мікалай Статкевіч яшчэ са снежня 2011 года знаходзіцца пастаянна ў закрытым памяшканні – спачатку ў карцэры і ПКТ шклоўскай калоніі, а з студзеня 2012 года – у магілёўскай турме. Тэрмін яго зняволення на турэмным рэжыме павінен завершыцца ў студзені 2015 года. Пасля гэтага палітык мусіць быць этапаваны ў калонію яшчэ амаль на 2 гады.