Грамадская акцыя

Мікалай Статкевіч: Студэнты – малайцы, чарга – за прадпрымальнікамі

Прыклад студэнтаў БДУ павінны ўзяць на ўзбраенне іншыя сацыяльныя групы, чые правы парушаюцца.

Пра гэта charter97.org заявіў лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч, каментуючы сённяшні «Марш любові і салідарнасці», арганізаваны студэнтамі БДУ.

«Малайцы! За сваё трэба змагацца. Калі кожны з нас будзе гэта рабіць, Беларусь стане цалкам іншай краінай,– сказаў палітык. – Я вітаю гэту праяву годнасці ў абароне сваіх уласных сацыяльных правоў. Сённяшні марш – першы выпадак правядзення масавай акцыі беларускімі студэнтамі за шмат гадоў. Спадзяюся, што на гэта паўплывалі і дэманстрацыі, якія прайшлі гэтай восенню, спрацавала тое, што я называю «тэрапіяй ад страху». Гэта вельмі важна, таму за сённяшняй акцыяй назіралі дзясяткі тысяч студэнтаў.

Я разлічваю, што і іншыя сацыяльныя групы пачнуць адстойваць свае правы. У гэтым няма нічога незвычайнага або крымінальнага. Ва ўсім свеце людзі выходзяць на вулічныя акцыі, калі іх правы парушаюць. Вельмі часта такі мірны пратэст прыносіць поспех. Напярэдадні «выбараў» на плошчу Свабоды выходзілі пенсіянеры з сацыяльнымі патрабаваннямі. Сёння ўлады ўзяліся за прадпрымальнікаў. Умовы іх працы значна пагоршыліся і прадаўжаюць пагаршацца. Гэта б\’е па інтарэсах мільёнаў пакупнікоў. Ім трэба падумаць аб тым, каб публічна заявіць пра свае правы».

Мікалай Статкевіч заклікаў праявіць салідарнасць з удзельнікамі сённяшняй акцыі ў выпадку, калі супраць іх пачнуцца рэпрэсіі.

«Цяпер усім нам неабходна сачыць за сітуацыяй і не даць магчымасці ўладам і кіраўніцтву БДУ пакараць тых, каго наважаць прызначыць «арганізатарамі» маршу», – заявіў палітык.

Нагадаем, больш за 200 студэнтаў сёння ў Менску запатрабавалі скасавання платных пераздач і рэальнага студэнцкага самакіравання. Акцыя прайшла ў цэнтры беларускай сталіцы.

Хартыя\’97