Актуальна

Мікалай Статкевіч: Судовыя выканаўцы пагражалі зрабіць невыязным, адключыць мабільны тэлефон і пазбавіць права кіравання аўта

Былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які пасля вызвалення працягвае знаходзіцца пад прафілактычным наглядам, 29 сакавіка быў выкліканы ў Ленінскі РУУС Мінска. Там яго чакалі не толькі супрацоўнікі райаадзела міліцыі, але і судовыя выканаўцы.

“Паколькі мне налічылі вялікія штрафы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, а я іх не збіраюся аплочваць, судовыя выканаўцы вырашылі мяне адлавіць такім чынам”, – распавёў палітык сайту palitviazni.info.

“Я знаходжуся пад прафілактычным наглядам і абавязаны з’яўляцца ў аддзел міліцыі па выкліках, – распавядае Мікалай Статкевіч. – Мусіў прыйсці туды, а там ужо чакалі судовыя выканаўцы – загадчыца сектарам выканання пакарання Ленінскага раёна Ліплянін К.В. і нейкі мужчына, які здымаў усё на відэакамеру. Высвятлілася, што судовыя выканаўцы хочуць паразмаўляць са мной. Шчыра кажучы, я прагназаваў такое развіццё падзей, а таму прыйшоў у аддзел разам з жонкай і наборам дакументаў, які паказвае, што ў мяне ніякай маёмасці няма”.

20160329_143204

Па словах Мікалая Статкевіча, яму прапанавалі распісацца за тое, што ў яго маюцца тры штрафы агульнай сумай 25,2 мільёны, каб было зафіксавана, што такая папера яму ўручана. Аднак палітык заявіў у адказ, што без кансультацый з адвакатам нічога падпісваць не будзе.

“Судовыя выканаўцы нагадалі, што ў такім выпадку мне адключаць мабільную сувязь, будзе забаронена карыстацца аўтамабілем і выязджаць за межы Беларусі, – кажа былы палітвязень. – І, акрамя таго, яны будуць прымаць нейкае судовае рашэнне, каб зайсці ў дом, дзе я зараз жыву. А гэты дом належыў бацькам Марыны Адамовіч, там жыве яе сын, але няма маёй маёмасці. Я там нават не зарэгістраваны. Сітуацыя ўвогуле дзікунская! Я нават сказаў, што ў выпадку чаго магу там і не жыць. Скажу, што нідзе не жыву – і шукайце па Беларусі”.

20160329_143154

Тым не менш, аплочваць штрафы палітык і зараз не збіраецца.

 “У іх ёсць легальная магчымасць атрымаць свае штрафы – вылічваць грошы з маёй вайсковай пенсіі, – адзначае Мікалай Статкевіч.Але, відаць, такі варыянт не задавальняе. Тады няхай паказваюць усяму свету і сваім новым сябрам, якая ў Беларусі лібералізацыя. А я не магу плаціць, бо не лічу сябе вінаватым. І, паўтаруся, ніякай маёмасці ў мяне няма. Няхай вылузваюцца, як хочуць, але на “панты” мяне не возьмеш”.

А вось што паведаміла аб гэтым выпадку на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Марына Адамовіч:

Па настойліваму запрашэнню наведалі сёння Ленінскі РАУС…

Дзеля справядлівасці – мяне там бачыць зусім не хацелі, настолькі, што нават праход спрабавалі загарадзіць, а потым настойліва “ўгаворвалі” пачакаць на калідоры, бо “вам там будзе нецікава – звычайная прафілактычная гутарка”…

Але, як паведаміла Марына Адамовіч, яна ўсё ж “прасачылася” ў кабінет. Высветлілася, што:

“прафілактычная гутарка” была толькі “адмазкай”, насамрэч, чакалі нас судовыя выканаўцы… Зрэшты, і у нас ілюзій не было, затое, дакументы, як вы разумееце, былі пры сабе.
Але дакументы, з якіх вынікае, што маёмасці, прыдатнай для канфіскацыі, у Мікалая няма, іх не вельмі зацікавілі. Мэта, аказваецца, іншая – любым шляхам патрапіць у хату (якая, на хвілінку, належала маім бацькам, а цяпер належыць мне – задоўга да шлюбу)

удакладніла Марына Адамовіч.

Тут і пагрозы ўварвацца судовым рашэннем пайшлі ў ход.
Цікава, што прапанова ўскласці выплату штрафаў на вайсковую пенсію, іх таксама не зацікавіла. … А вось у хату, усё роўна, трэба, а там ужо я (!) мушу(!) даказваць(!!), што маёмасць, якую яны тут “знойдуць”, і якой так год пад 30-40, належыць мне, а не Статкевічу,-

абураецца Марына Адамовіч.

А пакуль яны “арыштавалі” сродкі, якія ляжаць на Міколавых нумарах у аператараў мабільнай сувязі … , а таксама пагражаюць забараніць яму выезд за мяжу, кіраванне транспартам, карыстанне Інтэрнэтам …, мабільнай сувяззю.
Але на пенсію ўскласці – ні-ні. Мабыць, у святле “пенсійнай рэформы” клопат пра наш пахіснулы дабрабыт дэманструюць,

робіць выснову жонка Мікалая Статкевіча.

Увесь гэты час неўстаноўлены “грамадзянін у цывільным” здымаў нас на камеру. І пачуваўся ў чужым службовым кабінеце нашмат упэўненей, чым гаспадары, якія сціпла стаялі ў “прадбаннічку”. Што ж, і я яго сфатаграфавала. Павінна ж краіна ведаць сваіх герояў. Прозвішчы службоўцаў таксама запісала: капітан Рыбалка Пётр Васілевіч, у чыім кабінеце гэтыя людзі чамусьці пачуваліся так упэўнена, і загадчыца сектарам (…) Ліплянін Крысціна Васілеўна.

У якасці пасрыптума Марына Адамовіч зазначае:
 
Не адмовіла сабе ў задавальненні нагадаць, што дзяржава Мікалаю за 5 год нашмат больш павінна, і што спадзяюся, тыя грошы ён атрымае раней, чым праз 7 з лішнім год, калі будзе, нібыта, знятая судзімасць…