Мікалай Статкевіч сустрэўся з бацькам
На наступны дзень пасля вызвалення Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч накіраваўся ў Баранавічы.
Мікалай Статкевіч нарэшце сустрэўся з 88-гадовым бацькам Віктарам Статкевічам, паведамляе «Радыё Свабода».
Нагадаем, Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіўся ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых непарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі варункі і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.
4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму № 4 горада Магілёва.