Мікалай Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме
29 снежня 2012 года, напярэдадні Новага года, палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, Мікалай Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме.
у Празе (2009)
“Гэта быў сапраўдны цуд на Каляды, – гаворыць Марына Адамовіч. – Першая магчымасць спаткання, аб якой я даведалася сёння раніцай, і праз тры гадзіны была ў Магілёве… Сустрэча працягвалася роўна дзве гадзіны. Я пабачыла яго другі раз на працягу года, які Мікалай правёў у турме. Праз год яму, нарэшце, быў зменены рэжым утрымання, што і дало права на другое спатканне. Канешне, я не стала чакаць і хвіліны, як толькі аб гэтым даведалася. Дарэчы, – смяецца Марына, – Мікалай аб рашэнні камісіі даведаўся, толькі пабачыўшы мяне”.
Па словах жонкі, Мікалай Статкевіч “абсалютна не змяніўся. Ён трымаецца цудоўна, быў вельмі крануты той падтрымкай, якую аказваюць яму і мне самыя розныя людзі.
Мікалай прасіў перадаць словы ўдзячнасці тым, хто яго падтрымлівае, а таксама свой клопат пра мужных маладых хлопцаў, якія цаной сваёй свабоды і здароўя бароняць свой гонар і гонар нашай краіны. Ён просіць не забываць пра тых, хто сустракае гэтыя святы за кратамі, – пераказала жонка. – А яшчэ быў вельмі ўзрадаваны навіной пра шлюб Насты і Змітра, якіх шчыра віншуе і зычыць хуткай сустрэчы на волі. Па словах Міколы, Зміцер – самы годны, шляхетны і мужны чалавек, і ён вельмі рады павіншаваць іх з Настай”.
Марына кажа, што Мікалай, па-ранейшаму, знаходзіцца ў СІЗА, са “старым” суседам, шмат чытае, займаецца спортам, на ўмовы ўтрымання не скардзіўся. Дарэчы, ён чуў фейерверк, які зладзілі ў яго гонар ля сценаў турмы 19 снежня, і прасіў перадаць падзяку “артылерыстам”.
Ён, як і раней, катэгарычна адмаўляе любую магчымасць любых “прашэнняў”.