Навіны

Мікалай Статкевіч: Трэба аб’ядноўвацца

Мікалай Статкевіч зноў заклікае апазыцыянэраў аб’яднацца і дзейнічаць.

Тэму выбараў закрануў у лісьце, які атрымала Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч. Былы кандыдат на прэзыдэнта і раней выступаў за удзел у выбарах актывістаў апазыцыі. На думку Мікалая Статкевіча выбары варта было выкарыстоўваць як пляцоўку для агітацыі, як падставу выявіць сутнасьць ўлады і нарэшце, як магчымасьць перамагаць прадстаўнікоў уладаў. Вось як Мікалай Статкевіч адгукнуўся на заўвагу жонкі пра тое, што пасьля выбараў апазыцыянэры застаюцца разрозьненымі.

«Дагэтуль не супакояцца. А спытаць іх спакойна, якім быў іх плян, якім чынам іх “стратэгія” палепшыла сытуацыю ў краіне, то ў адказ пачуеш толькі набор лозунгаў ды не зьвязаныя з рэальнасьцю фантазіі. Людзі, што апынуліся ў зьнешняй ці ўнутранай эміграцыі, імкнуцца апраўдаць свой сыход ад рэальнае барацьбы. Але чамусьці вельмі часта робяць гэта, ганьбячы тых, хто застаўся і спрабуе хоць нешта рабіць».

І ўсё ж Мікалай Статкевіч працягвае лічыць, што беларускай апазыцыі трэба аб’яднацца і дзейнічаць больш рашуча.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня. Зараз Статкевіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме – “крытцы” У апошнім лісьце палітвязень напісаў, што больш амаль не бачыць сонца нават падчас прагулак ў турэмным дворыку. …”Усё тут без зменаў, толькі сонца ўжо даўно ў камеру не зазірае. Але на прагулцы, калі гуляць каля самай сценкі, яно яшчэ відно. Таму гуляем каля яе з суседам па чарзе”…”

Паводле “Радыё Свабода”