Мікалай Статкевіч узначаліў вайсковую камісію БНК
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу прыняла шэраг важных для аб\’яднання апазіцыі і абароны незалежнасці краіны пастаноў.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў лідар беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.
«Учора адбылося чарговае пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.
Сябры Рады разгледзелі ды прызналі пратаколы аб стварэнні Магілёўскай і Гарадзенскай рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сіл. Кіраўнікі гэтых кааліцый – Юрый Новікаў (Народная Грамада) і Сяргей Верамеенка (БХД) адпаведна, увайшлі ў склад Рады.
Таксама была абмеркаваная і зацверджаная сімволіка БНК.
Рада абмеркавала сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне і прыняла заяву з ацэнкай гэтай сітуацыі. Была ўтвораная камісія Рады БНК у сацыяльна-эканамічных пытаннях. Яе старшынём абраны Генадзь Фядыніч.
Рада разгледзела пытанне аб пагрозах незалежнасці Беларусі. Пасля абмеркавання гэтага пытання была прынятая заява і пастанова аб стварэнні вайсковай камісіі Рады БНК. Старшынём гэтай камісіі абраны Мікалай Статкевіч.
Таксама Рада БНК абмеркавала падаўжэнне кампаніі «Улада – народу» налета. Наступным мерапрыемствам кампаніі будзе святкаванне Дня Волі.
Улічваючы складанасць геапалітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, Рада БНК мяркуе, што святкаванне Дня Волі мусіць быць праведзенае годна, у цэнтры сталіцы і прадэманстраваць волю і рашучасць беларускіх патрыётаў да абароны сваёй краіны і сваіх правоў.
У сувязі з гэтым Рада ініцыюе стварэнне нацыянальнага аргкамітэта для годнага святкавання Дня Волі.
Тэксты дакументаў, прынятых учора Радай БНК, будуць апублікаваныя ў найбліжэйшы час».