Мікалай Статкевіч: злачынны рэжым канчаткова вырашыў наш канфлікт на карысць жонкі
Суд пазбавіў Мікалая Статкевіча права кіраваць транспартнымі сродкамі за неаплочаныя штрафы.
Аб гэтым палітык жартам напісаў на сваёй старонцы ВКонтакте.
Пастаянна спрачаемся з Марынай, хто будзе весці машыну, бо абодва любім гэты занятак. Але злачынны рэжым канчаткова вырашыў наш канфлікт на карысць жонкі. Ня ведаю, мо хабар каму дала, бо бульбы ў пограбе, здаецца, стала істотна меней. Зараз яны ўсім бяруць – мабыць заробкаў на жыццё не хапае. Рэгулярна ж нейкія худыя і з выгляду галодныя ў сіняй форме ўздоўж плоту блукаюць, хочуць у агарод залезці.
Карацей, учора заехаў на пошту, каб забраць там заказныя лісты з судоў і ад судовых выканаўцаў, бо надакучыла кожны дзень выграбаць з паштовай скрыні кучы паведамленняў пра іх. Сярод іншых (дарэчы, за акцыю ІП 14.03 каля Дома ўраду – штраф 10,5 млн. руб.) рашэнне суда Ленінскага раёна аб пазбаўленні мяне права на “кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі” за прынцыпова неўплочваемыя штрафы.
Цяпер спрабую пераканаць жонку, што нядаўна купленая для сельскагаспадарчых працаў тачка таксама з\’яўляецца “механічным транспартным сродкам”.