Навіны

Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў ШІЗА (дапоўнена)

Як нам стала вядома, Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары шклоўскай ПК-17. Туды ён памешчаны на 5 сутак, але вязень не выключае, што тэрмін “пакарання” можа быць працягнуты. Цяпер ён лічыцца “злосным парушальнікам” рэжыму, яму адмоўлена ў пасылках і сума для “атаваркі” зменьшана да адной базавай велічыні. 

Афіцыйнай нагодай для гэтага стала тое, што Мікалай нібыта не павітаў “атрадніка” (начальніка атрада), а таксама знойдзеныя пры ператрусе дзве насоўкі, якія былі пазначаныя вязнем, як “гігіенічныя прылады”, што расцэнена як грубае парушэнне.

Мы звязваем гэта з публікацыямі лістоў Мікалая Статкевіча, якія патрапілі да нас, мінуючы адміністрацыю.

Таксама ўціск можа быць звязаны з запланаванай на 20 снежня рэгістрацыей шлюбу Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч.

Нягледзячы на планаваную падзею, ніводнага званка пасля прызначэння даты рэгістрацыі Міколу так і не было дазволена.

Па атрыманай намі інфармацыі адміністрацыя “рыхтуе” для Мікалая Статкевіча перавод у ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Найбольш верагодна, што гэта плануецца, каб цалкам ізаляваць палітвязня ад любых знешніх кантактаў.