Асабістая думка

Мікалайчык: Пратэст — гэта адзінае, на што рэагуе Лукашэнка, і адзінае, калі нас чуе Эўропа

Госьць «Інтэрвію тыдня» — грамадзкая актывістка, рэжысэрка дакумэнтальнага кіно Вольга Мікалайчык. Яна адказвае на пытаньне, чаму неабходна шэсьце пратэсту на 25 сакавіка, тлумачыць, за што яе назвалі «сукай», і заяўляе, што людзі шануюць толькі тых, хто выходзіць на акцыі.

Мы жывем у ГУЛАГу, у краіне, якая стала турмой пад адкрытым небам для вольных духам людзей.

— Вольга, за апошнія дні вы некалькі разоў даволі эмацыйна выказваліся ў сацыяльных сетках наконт той тэмы, якая цяпер, бадай, самая гарачая ў беларускай незалежнай супольнасьці — пра фармат адзначэньня 25 сакавіка. Які аспэкт у гэтых дыскусіях вас найбольш закрануў, зачапіў, выклікаў вашу эмацыйную рэакцыю?

— Па-першае, я заўсёды была прыхільніцай пратэсту. Бо мы жывем у ГУЛАГу, у краіне, якая стала турмой пад адкрытым небам для вольных духам людзей. Пратэст — гэта адзіны фармат, які раздражняе Лукашэнку. Санкцыі і пратэст — адзінае, на што ён рэагуе. Пратэст — гэта тое, праз што нас чуе Эўропа, яна нас чуе, калі мы выходзім на вуліцу.

Для мяне, безумоўна. 25 сакавіка, Дзень Волі — гэта сьвята. Але сьвята пратэсту. І калі пачаліся сваркі наконт «пратэст-шэсьце або канцэрт-мітынг», то я, канечне, стала на бок той часткі, якая была за пратэст. І адразу пачала атрымліваць у свой бок кпіны і абразы.

Дзіма Дашкевіч, якога я вельмі люблю, пачаў абражаць Міколу Статкевіча, якога я вельмі люблю і лічу бацькам беларускага пратэсту. Каб гэтая рыторыка Дашкевіча была ў дачыненьні да Лукашэнкі ці Пуціна, ворагаў беларускага народу — я б гэта зразумела і ўхваляла. Але да паплечніка, які ў веку ягоных бацькоў… Мікола Статкевіч стаяў ля вытокаў стварэньня беларускага войска, дзякуючы яму нашы хлопцы ў 90-я не былі загнаныя вагонамі ў чачэнскі канфлікт. Дзіму яшчэ да Міколы расьці трэба. Яны абодва шмат чым ахвяравалі для Беларусі, але Зьміцер выклікаў такую хвалю абразаў у сацыяльных сетках…

— А чым бы вы патлумачылі гэтую хвалю? Чаму ў многіх людзей на дадзены момант выклікае раздражненьне пазыцыя Міколы Статкевіча? Можа, сваімі прапановамі ён замінае людзям па-свойму адзначыць гэтае сьвята?

— Мікола нічым не замінае, барані Божа. Мы ў гэты сьвяты для Беларусі дзень вырваліся з мэнтальнасьці расейскай калёніі, сталі незалежнай краінай. І ў гэты дзень усе беларусы павінны хадзіць па вуліцах краіны са стужкамі, у вышыванках, апранаць адзеньне з Пагоняй. Мікола на ланцугу на наша шэсьце нікога ня цягне. Мікола кажа — «Давайце выйдзем і скажам, што мы ня хочам жыць у турме». Нам кажуць — «Дык вы ўсё роўна сядзеце і не пераможаце». Мы ўжо перамаглі, таму што мы выйдзем.

Нават Саладуху запрасілі ўжо на канцэрт. Вядома, Саладуха мае права выступаць і сьвяткаваць дзень БНР, бо ён грамадзянін Беларусі. Хай сьпяе «Здравствуй, чужая милая». Але я думаю, што Ластоўскі з Луцкевічамі ў труне перавернуцца, калі Саладуха на стагодзьдзе БНР будзе сьпяваць ім пра чужую мілую.

Ну ня хочаце вы пратэсту — ідзіце на канцэрт! Мы што — выставілі кардоны і не пускаем на канцэрт?

— А як вы ставіцеся да той думкі, што пратэставаць можна ў любы іншы дзень — 26, 27 сакавіка, 1 траўня? А 25 сакавіка трэба спакойна адзначыць, прадэманстраваць еднасьць беларусаў. Так кажуць многія.

— Гэта іх справа — так казаць, яны могуць не прыходзіць на пратэст. Але аўтары гімну БНР напісалі: «На бой, за шчасьце і за волю, на бой усе да аднаго». І іх закатавалі ў 1938–39 годзе. Сёньня ў нас катастрофа сацыяльная, эканамічная, людзі гніюць па турмах. Гэты дзень заўжды быў днём пратэсту, мы заўжды выходзілі ў гэты дзень. Гэта ж ня наша праблема, гэта праблема Лукашэнкі, што ён нас зьбівае і саджае за краты.

Ну ня хочаце вы пратэсту — ідзіце на канцэрт! Мы што — выставілі кардоны і не пускаем на канцэрт? Я б, можа, і сама прыйшла на канцэрт, але не хачу скакаць пад Саладуху. А Вольскага і «Краму» я паслухаю ў інтэрнэце. Мне проста гідка, што ў бок Статкевіча пайшлі цалкам беспадстаўныя папрокі і абразы. Мяне называюць «сукай», бо Дзіма Дашкевіч выклікаў такую хвалю. Пры чым тут Статкевіч і Мікалайчык? Ня мы вінаватыя, што мы жывем у ГУЛАГУ.

А мне потым кажуць, што я сука, бо я хачу на пратэст выйсьці!

— Але многія аналітыкі пішуць, што ў краіне адбываецца мяккая беларусізацыя, ідзе нармалізацыя адносінаў з Эўропай. І, маўляў, зараз уладзе ня варта дэманстраваць жорсткасьць — таму ня трэба яе на гэта правакаваць.

— Калі ты даеш адкусіць палец — табе адкусяць руку. Я ня бачу ніякіх крокаў у бок Эўропы, я ня бачу ніякага кроку ў бок выкананьня законаў і Канстытуцыі, якая дазваляе беларусам выходзіць на любыя мірныя мітынгі і шэсьці. Як і Пакт аб грамадзянскіх правах, як і Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Я і Статкевіч, і ўсе астатнія не павінны пытацца і браць дазвол. Па якія дазволы мы вечна ходзім у гарвыканкам? Заявілі, што мы выйдзем там і там — прыходзьце і ахоўвайце нас, бо вы існуяце за народныя падаткі.

Якая нармалізацыя з Эўропай? «Хартыю» перакрылі. У мяне адключылі мабільны тэлефон за няўплату штрафаў — а ў мяне ўсе штрафы аплачаны. Я ўжо не кажу, колькі ў нас у турмах людзей, студэнтаў, 13 тысяч сядзіць за тое, што яны папыхкалі траўку недзе за вуглом. У нас дзевяць палітвязьняў гніе ў турме. А мне потым кажуць, што я сука, бо я хачу на пратэст выйсьці!

— А чаму ў апазыцыйнай грамадзкай сьвядомасьці адбыўся пэўны зрух у бок большых кампрамісаў? Магчыма, яшчэ 5 гадоў таму не было б такой дыскусіі, як зараз, вакол пытаньня — «мітынг ці пратэст?»

— Грамадзтва рэагуе не тады, калі мы на канапах сядзім у Фэйсбуку, а тады, калі мы выходзім на вуліцы. Тады яно адчувае несправядлівасьць, ёсьць розгалас. Якасьць жыцьця цяпер жахлівая, хутка будуць на ўлік ставіць тых, хто едзе за мяжу.

І калі мы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзім і кажам — «Спыніце Дэкрэт № 3» — то людзі нас шануюць. І наступным разам ідуць пад нашы сьцягі і кажуць — «Мы пойдзем з вамі, бо апроч вас ніхто не ідзе за нас змагацца».

— У любым выпадку вы і вашы паплечнікі, нягледзячы на тое, як будзе адбывацца падрыхтоўка да канцэрту, выйдзеце на шэсьце пратэсту?

— Я выйду ў любым выпадку. Я беспартыйная. Я ведаю, што шмат хто ня выйдзе на гэты пратэст. Я не крыўдую ні на кога. Але я і мае таварышы выйдзем, возьмем партрэты палітвязьняў, возьмем сьцягі. Мы не павінны ані ў кога браць дазвол на тое, каб мы, грамадзяне Беларусі, выйшлі 25 сакавіка на плошчу Якуба Коласа і прайшліся па праспэкце са сьцягамі, партрэтамі дзеячоў БНР, партрэтамі палітзьняволеных. Нам ніхто ня мае права гэта забараніць, бо гэта дазваляе Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.

Віталь Цыганкоў

Радыё Свабода

preload imagepreload image