ГлыбокаеПалітвязні

Мікалай Статкевіч чарговы раз пакараны знаходжаннем ў адзіночцы яшчэ на паўгады

Жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла, што праз 95 дзён поўнай невядомасці атрымала адказ ад адміністрацыі калоніі:

“Якія дзіўныя радасці здараюцца ў жыцці. Аказваецца, нават не вельмі вясёлыя, але ж, навіны могуць радаваць. Сёння атрымала адказ з калоніі на свае запыты.  Усяго толькі праз 95 дзён поўнай невядомасці.

Безумоўна, гэта не ліст ад Мікалая і вясёлага мала ў гэтым адказе, але… Той, хто нічога не ведае пра сваіх родных, мяне зразумее.

36 спагнанняў, з іх 14 – ШІЗА (5 – за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, ў ШІЗА таксама, альбо толькі выйшаў.

Чарговы раз пакараны знаходжаннем паўгады у той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у “звычайнай” калоніі. (Мінулыя паўгады расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што, калі не ў ШІЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.

Лішылі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе.

Лістоў, па-ранейшаму, няма. Зрэшты, мне адказалі, што мае лісты “апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны”. І?.. Пра лісты Мікалая, увогуле, прамаўчалі. “Перапіска не забароненая”.

Мне страшна думаць, што падобнае адбываецца нават з жанчынамі.

Тым не менш, нешта памянялася ў Сусвеце. Кола нашых лёсаў пачынае пераварочвацца.”