Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзьмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе

Палітыку Мікалаю Статкевічу і відэаблогеру Дзьмітрыю Казлову, вядомаму як «Шэры кот» 8 ліпеня прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне, паведаміў Свабодзе адвакат Уладзімер Сазанчук.

Абодвух абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Падставай для абвінавачаньня стаў інцыдэнт на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек. Статкевіч ужо раней казаў адвакату, што ў Горадні апошні раз быў летась увосень.

Як паведаміў адвакат, ні Мікалай Статкевіч, ні Дзьмітры Казлоў сваёй віны не прызналі.

Мікалая Статкевіча затрымалі 1 траўня, калі ён ехаў на пікет да менскай Камароўкі, і адправілі ў турму на Акрэсьціна. Суд двойчы прысудзіў яму па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, Статкевіч меў выйсьці на волю 30 чэрвеня, але за некалькі дзён да гэтага зьявіліся зьвесткі, што яго затрымліваюць у крымінальнай справе за «падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Дзьмітрыя Казлова затрымалі 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» за плякаты, вывешаныя насупраць суду Першамайскага раёну. 12 чэрвеня яго асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Міколу Статкевіча і Дзьмітрыя Казлова разам зь іншымі фігурантамі «Справы Ціханоўскага» беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітычнымі вязьнямі.

Радыё Свабода