Навіны

Мікалаю Статкевічу настойліва прапаноўваюць суседа

Адміністрацыя магілёўскай турмы, дзе трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, прапануе разьмясьціць у ягонай камэры яшчэ аднаго зьняволенага, але Статкевіч адмаўляецца ад суседзтва.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды апавяла жонка палітвязьня Марына Адамовіч, якая атрымала ад мужа чарговы ліст.

«Яму зноў прапаноўвалі суседа, як ён піша — „настойліва“. У якой гэта форме адбываецца, ня ведаю. Ведаю, што адмаўляецца ён з прычыны бясьпекі, бо ад такіх суседзяў, якіх да яго раней падсялялі, можна чакаць любых правакацый, што раней і было. Тым больш, зараз было шмат сыгналаў, што правакацыі могуць паўтарыцца», — кажа Марына Адамовіч.  Тэлефоннага званку, які зьбіраўся зрабіць Мікалай Статкевіч на гэтым тыдні, Марына Адамовіч не дачакалася. Прычына, чаму Мікалай Статкевіч ня змог патэлефанаваць, ёй невядомая.

У лісьце Мікалай Статкевіч выказаўся адносна правакацый супроць палітвязьня Мікалая Дзядка, якога ў горацкай калёніі зноў саджалі ў карцэр нібыта за парушэньне дзённага рэжыму.

«Ён прачытаў пра першае пакараньне Мікалая Дзядка ў Горках і тлумачыць, якім чынам яго проста падставілі. Што гэта вельмі распаўсюджаны спосаб правакацыі, маўляў, спаў у неналежны час — да адбою. Мікалай патлумачыў, што звычайна вязьням у калёніях дазваляюць класьціся на гадзіну раней, бо раніцай пасьля пабудкі ёсьць толькі 5 хвілін на зборы і прыбіраньне, і таму людзі раней падымаюцца. Але супроць палітычных гэта шырока выкарыстоўваецца, калі за фармальнае парушэньне раскладу дня могуць пакараць. Ён загадаў, як сам чуў словы дзяжурнага, як той дакладаў наверх , што ён „ня сьпіць, чытае кнігу“. То бок там сочаць за кожным палітычным вельмі пільна і на загад могуць адразу пакараць, калі чалавек лёг раней. Гэтак маглі зрабіць і адносна Мікалая Дзядка», — пераказала допіс Статкевіча Марына Адамовіч.

Пра сябе Мікалай Статкевіч напісаў, што аднавіў «былую фізычную актыўнасьць»: «Напісаў, што пасьля ПКТ лепш сябе адчувае, бо там было і цёмна і задушліва. А цяпер у той камэры, дзе раней знаходзіўся, сядзіць праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Яго перавялі туды адразу пасьля Мікалая».

У пачатку году Мікалая Статкевіча перавялі з крытай магілёўскай турмы ў шклоўскую калёнію, дзе ён прабыў толькі тры месяцы і зноў паводле судовага рашэньня як злосны парушальнік быў зьмешчаны ў тую ж турму ў Магілёве.

Палітвязьню дазволена набываць харчы ў турэмнай краме толькі на адну базавую велічыню, а харчовыя пасылкі атрымліваць забаронена — толькі адну бандэроль на 2 кіляграмы. «Вось зьбіраю зараз такую бандэроль, высушваю прадукты, каб больш укласьці. Сухафрукты высушыла гэтак, што аж зьвіняць. Бо гэта ж на цэлы год!» — кажа Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў на прэзыдэнта, каго з выбараў у сьнежні 2010 году працягваюць трымаць у вязьніцы. Нібыта за арганізацыю вулічных забурэньняў Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня, якія адбываў спачатку ў калёніі ў Шклове, потым у крытай магілёўскай турме, а сёлета паўтарыў гэты шлях па вязьніцах. Мікалай Статкевіч не прызнае сябе вінаватым і адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі лічаць яго палітвязьнем і патрабуюць неадкладнага вызваленьня.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода