Навіны

«Мікола прасіў перадаць, што не здрадзіць сваім перакананням і людзям, якія ў яго паверылі» (віда)

Да канца тэрміна – у турму. У Шклове адбыўся чарговы суд над палітвязнем Міколам Статкевічам.

Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме, на яго не пусцілі ані праваабаронцаў, ані журналістаў, ані прадстаўніка Еўразвязу.

Мікола Статкевіч – адзіны з кандыдатаў на прэзідэнта на выбарах 2010-га года, які ўсцяж застаецца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізаванні масавых беспарадкаў у выбарчы вечар у цэнтры Менску. Айчынныя і міжнародныя праваабаронцы прызналі Міколу Статкевіча палітычным вязнем.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня, прысутнічала падчас працэсу ў Шклове. «Безумоўна, ілюзіяў не было ад самага пачатку, ад этапавання ў Шклоўскую калонію. Было зразумела, што ў спакоі яго не пакінуць», – падкрэсліла жонка Мікалая Статкевіча.

У гутарцы з «Белсатам» спадарыня Марына паведаміла, што ейны муж на судзе трымаўся спакойна, упэўнена. «Мікола прасіў перадаць усім, хто яго падтрымлівае, што ні пры якіх умовах не здрадзіць ні сваім перакананням, ні тым людзям, якія яму паверылі ды падзякаваў за падтрыманне», – дадала суразмоўца.

Марына Адамовіч падкрэсліла, што ў судовым рашэнні гаворыцца, што паседжанне было адкрытым. Хоць насамрэч, на разбіральніцтва не дапусцілі прадстаўніка Еўразвязу, праваабаронцаў і паплечнікаў Статкевіча.

МЛ, belsat.eu