Мікола Статкевіч: Дзяржава не павінна лезці ў ложак! (відэа)
У новым відэапраекце Еўрардыё “Кандыдата ў студыю!” Мікола Статкевіч распавёў, што чакае армію і міліцыю ў выпадку абрання яго прэзідэнтам, як ён плануе вырашыць кватэрнае пытанне і расказаў, калі мы паедзем у Еўропу без візы.
— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць з нерэнтабельнымі прадпрыемствамі: зачыніць ці працягваць падтрымліваць?
— Я думаю, што для такіх прадпрыемстваў найперш трэба шукаць інвестара, які мадэрнізаваў бы гэта прадпрыемства, які даў бы новыя рынкі збыту. Такія прадпрыемствы трэба прадаваць. Частку акцый, ці большасць акцый.
— Не на ўсе прадпрыемствы знойдзецца інвестар — частку давядзецца з-за жыццёвай рэальнасці зачыніць. Ці ёсць у вас план куды падзець людзей з такіх прадпрыемстваў?
— Перш за ўсё, трэба даць дыхаць малому і сярэдняму бізнэсу. Ён у нармальных краінах стварае большасць унутранага валавога прадукту. Ён вельмі гнуткі і эфектыўны, ён дае значную колькасць працоўных месцаў. Іх трэба не душыць, а дапамагаць. Вось туды пойдзе тая рабочая сіла, якая скарачаецца. Яна ўжо і так скарачаецца з безнадзейных прадпрыемстваў.
— Пытанне да вас, як да вайскоўца: ці патрэбна нам армія ў той колькасці, якая зараз ёсць?
— Беларуская армія — каля 40 тысяч вайскоўцаў. Яна не вялікая і забірае не шмат грошай. Войска патрэбна дзяржаве. Не таму, што гэта атрыбут суверэнітэту, але ўсялякае бывае, і безабароннасць спакушае. Адзінае: калі вы ўжо ўзялі на службу чалавека за грошы і кажаце яму: “Ты вось прыйшоў сюды і калі дзяржава дасць каманду — ты павінен пайсці і памерці”, то гэтага чалавека трэба належным чынам утрымоўваць. І тут асноўная праблема, безумоўна, жыллёвая. У войску павінны налічвацца пэўныя адсоткі на спецыяльны рахунак. З тым, каб пасля адстаўкі гэты чалавек мог купіць сабе нармальнае жыллё.
Зміцер Лукашук
Еўрапейскае радыё для Беларусі
29.11.2010