Актуальна

Мікола Статкевіч: “І мы пачулі адзін аднаго…”

21 лістапада “Народная воля” надрукавала інтэрв\’ю з Мікалаем Статкевічам, прысвечанае яго сустрэчы з віцэ-канцлерам Германіі.

Публікуем інтэрв\’ю, бо лічым гэту тэму дастаткова важнай.

Гутарыла МАРИНА КОКТЫШ

На мінулым тыдні віцэ-канцлер Германіі, міністр замежных спраў Зігмар Габрыэль сустрэўся з беларускім апазіцыянерам Мікалаем Статкевічам.

 
Фото с сайта Bk-brest.by

“Народная Воля” пацікавілася падрабязнасцямі іх дыялогу.

 – Сустрэча для мяне была раптоўнай, – шчыра гаворыць Мікалай Віктаравіч. – Зранку дачка напісала пра тое, што на яе выйшлі з каманды віцэ-канцлера – яны шукалі мой тэлефон. Кацярына і Зігмар Габрыэль знаёмыя, таму што, калі мяне ў 2010 годзе пасадзілі, яна каля дзвюх тысяч лістоў накіравала нямецкім палітыкам і ва ўсе тамтэйшыя сродкі масавай інфармацыі. Кацярына сустракалася і са спадаром Габрыэлем, калі я быў пад арыштам, мае ягоныя кантакты.

Калі не памыляюся, ваша дачка стала жыве ў Германіі?

– Так, і я забараніў ёй вяртацца ў Беларусь. У Германіі яна вучылася.

Кацярына вельмі хоча сюды прыехаць, але я супраць. Бо лічу гэта небяспечным. Мы маем досвед сям’і былога прэм’ер-міністра Міхала Чыгіра, экс-кіраўніцы Нацбанка Тамары Віннікавай, калі дзеці рабіліся закладнікамі сітуацыі з-за сваіх бацькоў.

Дык вось, вяртаючыся да вашага пытання: мне патэлефанавалі з нямецкай амбасады і прызначылі час сустрэчы. Удакладнілі, ці магу я прыйсці на сустрэчу ў пасольства са сваім перакладчыкам – відаць, каб я мог цалкам давяраць чалавеку, які будзе перакладаць мае словы.

– Як думаеце, чаму міністр замежных спраў Германіі вырашыў з вамі сустрэцца?

– Таму што захацеў сустрэцца не толькі з Лукашэнкам і яго міністрамі. Так званую канструктыўную апазіцыю нямецкаму міністру паказалі толькі з трыбуны – і то на кароткі час.

Да таго ж мы з Уладзімірам Някляевым звярнуліся з лістом да кіраўнікоў Еўрапейскага Саюза, разаслалі яго па ўсіх каналах і сацыял-дэмакратычных партыях розных краін. Магчыма, гэта таксама паўплывала.

Я вельмі ўдзячны за гэтую сустрэчу і паважаю такі крок віцэ-канцлера Германіі.

– Колькі часу вы размаўлялі?

– Сустрэча была не вельмі доўгай – крыху больш за паўгадзіны. Гэтага часу мне хапіла, каб выкласці сваю пазіцыю.

– На некаторых сайтах напісалі, што размова была не самай дыпламатычнай. Што мелася на ўвазе?

– Ну, нехта ж павінен казаць праўду-матку пра тое, што робіцца ў краіне, шчыра і без усялякіх упрыгожванняў рэчаіснасці.

Недыпламатычнасць, мабыць, была ў тым, што я крытыкаваў пазіцыю кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза ў адносінах да беларускага дыктатара. Выказаў сваё вядомае стаўленне да мэтазгоднасці “сімвалічных” сустрэч вышэйшых еўрапейскіх палітыкаў з Лукашэнкам. На мой погляд, гэта проста псуе рэпутацыю еўрапейцаў. У рэшце рэшт, ці не занадта шмат увагі ўплывовыя замежныя палітыкі надаюць Лукашэнку?..

Пры гэтым я сказаў, што не супраць дыялогу з беларускай уладай, але дыялог – гэта калі два бакі ідуць насустрач адзін аднаму. А тут атрымліваецца, што толькі Еўрасаюз робіць такія крокі, а Беларусь, на жаль, стаіць на месцы.

Я распавёў пра эскалацыю рэпрэсій з боку рэжыму супраць незалежнага грамадства, пра арышты ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, пра збіцці, катаванні і правакацыі супраць арыштаваных сябраў Народнай Грамады і Беларускага нацыянальнага камітэта. Пра спробы звесці на той свет Уладзіміра Някляева, пра фабрыкацыю крымінальнай справы супраць лідараў прафсаюза РЭП, пра палітвязняў.

Дарэчы, мой перакладчык быў з РЭПа, і сам праходзіць сведкай па справе прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча. І ў яго, нягледзячы на тое, што ён проста сведка, таксама правялі вобшук і забралі камп’ютар!

Спадар віцэ-канцлер выклаў мне свае аргументы наконт палітыкі Еўрасаюза. І мы такім чынам пачулі адзін аднаго.

Увогуле, вельмі добра, што такая сустрэча адбылася. Гэта сведчыць пра тое, што не ўсе еўрапейскія палітыкі ў адносінах з нашай краінай забыліся на салідарнасць.

– Спадар Мікола, а вам не прапаноўвалі прытулак у Германіі?

– Мяне сапраўды запрашалі пераехаць, гэта было яшчэ перад маёй першай “хіміяй” у 2005 годзе.

Са мной на тэму эміграцыі ўвесь час праводзяць размовы. Нават у турме камерныя агенты заўсёды падымаюць гэтую тэму. Была нават такая гісторыя, што мне прапаноўвалі разам з жонкай жыць у Чылі. Але ўсе выдатна разумеюць маю рэакцыю і пазіцыю. Беларусь – мая краіна. І я адсюль не з’еду…