АктуальнаПалітвязні

Мікола Статкевіч прызнаны палітвязнем

Палітык Мікалай Статкевіч затрыманы па падазрэнні ў ажыццяўленні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 

30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў пра крымінальную справу. Пакуль што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.

У сувязі з гэтым праваабарончая супольнасць Беларусі прызнае яго палітычным зняволеным. Пры прыняцці гэтага рашэння праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці ад 1, 9 і 11 чэрвеня года аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў “справы Ціханоўскага”.

На падставе гэтага беларускія праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Мікалая Статкевіча і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, яму прысудзілі 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. На Акрэсціна палітык знаходзіцца дагэтуль.

Крымінальную справу па гэтым жа артыкуле (па ч. 1 арт. 342 КК) завялі на блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Уладзіміра Цыгановіча (MozgON), Ігара Лосіка, Зміцера Казлова. 

spring96.org