Навіны

Мікола Статкевіч: Пятля

Учора пачуў, што Кабмін Украіны зацвердзіў праект дамовы аб асацыацыі з ЕС. Хоць іншага і не чакаў, але, усё роўна, парадаваўся за суседзяў. Але адначасова з гэтым усё больш трывожна за наш лёс.

Калі раней Масква “далікатнічала” з намі каб на нашым прыкладзе “заманіць” Украіну, то цяпер патрэба ў гэтым знікла. Саромецца не будуць. Нізавошта не паверу, што гэты калійны “развод” мог адбыцца без бласлаўлення (калі не па камандзе) Крамля

Мэты вядомыя – абцяжарыць фінансавае становішча і прымусіць аддаць актывы (спіс агучаны). Сітуацыя ўскладняецца і тым, што беларускія НПЗ за тры кварталы выбіраюць болей за 90% аб\’яўленай яшчэ ў студзені ў Маскве гадавой квоты для нас. Недарэмна ж расійскі амбасадар у чэрвені заявіў, што ў верасні холдынг КАМАЗ-МАЗ будзе абавязкова створаны. Маўляў, а куды ж вы падзенецеся.

Дзеянні Мінска ў калійнай сферы таксама зразумелыя. Калі пятля на шыі зацягваецца, то трэба вырывацца, кусацца, скандаліць. Мабыць, было спадзяванне ўсё звесці да звыклай схемы “паскандаліць, памірыцца, дамовіцца”. Адначасова расійскім алігархам дасылаўся сігнал, што набыццё кантрольнага пакета акцый тут не азначае валоданне актывам. Каб пазбавіць іх ахвоты квапіцца на нашыя прадпрыемствы.

Але ж Масква ўжо ведае ўсе такія хітрыкі. нават на скандал ісці не хоча. Душыць будзе з ветлівай усмешкай і словамі пра сяброўства. А план эканамічнай акупацыі ўжо скарэктавалі. Цяпер там ужо Мазырскі НПЗ, БелАЗ. А Мілер, мабыць, за “Гродна-Азотам” прыязджаў? тут без зменаў.

З усяго гэтага спіса найбольш шкада Мазырскага НПЗ, бо да яго ёсць нафтаправод з Адэсы. Страхоўка на выпадак поўнай нафтавай блакады. Ды і за патрэбныя Маскве 7,5% акцый шмат не возьмеш. І як мы толькі ўлезлі ў такую сітуацыю?

Мікалай Статкевіч, 19 верасня 2013 г., Магілёў СТ-4