Мікола Статкевіч застанецца ў турме да канца тэрміна
Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў адвакат Аляксандр Галіеў.
Суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам па змене рэжыму адбыцця пакарання – з заменай яго на турэмны, прайшоў у панядзелак, 4 мая, у Шклоўскай папраўчай калоніі №17.
Падставаю для змены рэжыму сталі «шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва».
Вечарам суддзя Шклоўскага раённага суда Баранцава прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і прыняла рашэння накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў турму, а гэта 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён, паведамляе spring96.org
Адвакат Аляксандр Галіеў паведаміў «Нашай Ніве», што пакуль невядома, дзе гэта будзе адбывацца. «Калі Статкевіч прыбудзе ў месца зняволення, адміністрацыя будзе абавязаная паведаміць сваякам пра ягонае месцазнаходжанне. Адпаведна, будзем самі турбаваць іх», — сказаў сп. Галіеў.
***
Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які ўтрымліваецца дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазыцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, затым рашэннем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.
12 студзеня 2015 года быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.