Мікола Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна
У Менску зноў арыштаваны Мікола Статкевіч.
З 28 красавіка адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч не выходзіў на сувязь.
Пра гэта Charter97.org паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.
«Мікола перастаў адказваць на званкі з 17-й учорашняга дня. Увесь вечар і ўсю ноч я яго шукала. У СІЗА МУС на Валадарскага, турме і ІЧУ на Акрэсціна мне паведамілі, што Міколы ў іх няма. Заставалася турма КДБ дзе Міколу ўтрымлівалі падчас акцыі 25 сакавіка. Што б ні здарылася – гэта не выпадковасць. Улады ў роспачы і любымі спосабамі хочуць не дапусціць выхаду людзей на вуліцу», – сказала Марына Адамовіч.
Аб 11-й гадзіне раніцы 29 красавіка Марыне Адамовіч патэлефанаваў нейкі падпалкоўнік міліцыі з Ленінскага РУУС і паведаміў, што Мікола Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Учора палітыка затрымалі і асудзілі ў Ленінскім судзе на 5 сутак.
Нагадаем, што Мікола Статкевіч абвесціў пра правядзенне 1 траўня а 14-й на Кастрычніцкай плошчы Менска святочнай акцыі з патрабаваннем паляпшэння жыцця працоўных і вызвалення палітвязняў.