Міліцыя перапыніла абрад хрышчэння пратэстантаў у Смалявічах
На пастара царквы «Благодать», які праводзіў абрад хрышчэння, склалі пратакол.
Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэта ў стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, які стаў відавочцам таго, што адбылося, некалькі дзясяткаў пратэстантаў разам з пастарам мелі намер правесці таемства хрышчэння на беразе Смалявіцкага вадасховішча. Акрамя іх на беразе было яшчэ пяць чалавек, якія прыйшлі на пляж загараць.
Каля поўдня да вернікаў падышоў міліцыянт. Пасля высвятлення сітуацыі ён склаў у дачыненні да пастара царквы пратакол аб адміністрацыйным парушэнні паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і меў намер адвезці яго ў апорны пункт. У гэты час вернікі ўжо пачалі пераапранацца, каб пакінуць месца, так і не здзейсніўшы абрад.
Міліцыянт звязаўся праз рацыю з калегамі, і неўзабаве на беразе з\’явіліся яшчэ трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Са слоў Садоўскага, імаверна, гэта было мясцовае міліцэйскае начальства. Міліцыянты, якія прыйшлі пагаварылі з пастарам і дазволілі праводзіць хрышчэнне, папрасіўшы вернікаў толькі адысці крыху далей ад цэнтральнага пляжу.
Прыхаджане «Благодати» адышлі прыкладна на паўкіламетра ад месца, дзе адбыўся канфлікт, і абрад прадоўжыўся. Міліцыянты назіралі за тым, што адбываецца здалёк.
«Адзінае, што засталося незразумелым, гэта тое, які будзе лёс складзенага на пастара пратакола», – сказаў Садоўскі.