Грамадская акцыя

Міліцыя затрымала Міколу Статкевіча і яшчэ 10 актывістаў

Статкевіч, Вінярскі, Мікалайчык, Кулакоў, Навумава, Невмержыцкі, Тамара Зайцава з Калінкавіч, – агулам 11 чалавек, – затрыманы пасля суда над Фядынічам і Комлікам і знаходзяцца у Маскоўскім РАЎСе.

Пасля прысуду актывісты каля будынку суду разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі «Еўрапейскай Беларусі». Мікола Статкевіч з прыступках суду заклікаў выйсці да адміністрацыі прэзідэнта, каб спыніць эскалацыю рэпрэсіяў у Беларусі і «выратаваць краіну».

 

«Сёння 70 чалавек прыйшлі пад адміністрацыю Лукашэнкі патрабаваць спыніць пераслед прафсаюз РЭП. Перад касацыяй нас павінна туды прыйсці тысячы», – заявіў Статкевіч.

Пасля гэтага да суду пад’ехаў чырвоны аўтобус, з якога выбеглі амапаўцы. Яны брутальна затрымалі не менш за 5 актывістаў. Сярод іх – Леанід Кулакоў, Мая Навумава і Вольга Нікалайчык.

Яшчэ прыкладна праз 10-15 хвілінаў людзі ў цывільным затрымалі Міколу Статкевіча і Максіма Вінярскага.

Усіх затрыманых павезлі ў Маскоўскі РУУС. Паплечнікі Статкевіча збіраюцца ісці да РУУС, каб патрабаваць вызвалення актывістаў.

24 жніўня суд Савецкага раёну Менску пакараў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прызнаўшы іх вінаватымі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

ІІ, belsat.eu