Навіны

«Міжнародная амністыя»: З правамі чалавека ў Беларусі бязь зьменаў

Вязьні сумленьня застаюцца ў зьняволеньні, некаторыя атрымалі дадатковыя турэмныя тэрміны за парушэньне турэмных правілаў. Актывісты грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцы і журналісты, сутыкаліся з парушэньнямі правоў на свабоду выказваньняў, сходаў і асацыяцый. Тры чалавекі былі пакараныя сьмерцю. Такія галоўныя пункты справаздачы за 2012 год праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» ў разьдзеле, прысьвечаным Беларусі.

У справаздачы адзначаецца, што ў зьняволеньні застаюцца прынамсі чатыры вязьні сумленьня, чые прысуды зьвязаныя з пратэстам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году — Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Таксама вязьнем сумленьня ў справаздачы называюць асуджанага на 4,5 гады зьняволеньня старшыню праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага, якому ў студзені 2012 году суд адмовіў у апэляцыі.

У справаздачы таксама гаворыцца, што беларускія праваабаронцы сутыкаліся з рознымі формамі перасьледу, у тым ліку з забаронамі на выезд зь Беларусі, а цягам 2012 году пятнаццаць праваабаронцаў, журналістаў і апазыцыйных актывістаў былі асуджаныя паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах.

У падразьдзеле, прысьвечаным свабодзе асацыяцый, у прыватнасьці гаворыцца пра ліквідацыю праваабарончай арганізацыі «Плятформа» паводле рашэньня суду. Пры гэтым адзначаецца, што па-ранейшаму дзейнічае артыкул 193(1) Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Беларусь працягвала прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды ва ўмовах абсалютнай сакрэтнасьці, гаворыцца ў справаздачы. Ні саміх асуджаных, ні іх сваякоў загадзя не інфармуюць пра дату сьмяротнага пакараньня. Цела асуджанага не аддаецца сваякам, і іх таксама не інфармуюць пра месца пахаваньня. Часам яны тыднямі ці нават месяцамі чакаюць афіцыйнага паведамленьня пра сьмерць. Аўтары справаздачы пішуць, што асуджаных за выбух у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава пакаралі сьмерцю ў сакавіку 2012 году, нягледзячы на запыт Камітэту ААН у правах чалавека, які прасіў не прыводзіць прысуду ў выкананьне, пакуль Камітэт не разгледзіць іх справы. Існавалі сур’ёзныя сумневы ў справядлівасьці суду па гэтай справе, гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым у агульным падсумаваньні справаздачы паведамляецца, што ў 2012 годзе толькі 21 краіна прыводзіла ў выкананьне сьмяротныя прысуды, а на канец 2012 году 140 краінаў скасавалі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці на практыцы.

Справаздачу каментуюць праваабаронцы і прадстаўнікі ўлады

Алена Танкачова Праваабаронца Алена Танкачова:

«У дадзеным выпадку ацэнкі „Міжнароднай амністыі“ мне зразумелыя, і я іх падзяляю. Больш за тое, ацэнку стану рэчаў з правамі чалавека ў Беларусі як сыстэмна дрэннага я сама выкарыстоўваю пры характарыстыцы сытуацыі. Я ўпэўненая, што справаздачы „Міжнароднай амністыі“ заслугоўваюць даверу. Яны не зьвязаныя ніякімі палітычнымі рамкамі. Яны зьвязаныя выключна з выкананьнем правоў чалавека. Яны забясьпечаныя мэтадалёгіяй і экспэртызай».

«Пры падрыхтоўцы справаздачы за мінулы год „Міжнародная амністыя“ засталася ў палоне былых штампаў адносна Беларусі», — сказаў сёньня «Свабодзе» старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

«Падыходы засталіся тыя ж без уліку таго, што Рэспубліка Беларусь, я лічу, усё ж даволі прыстойна зрушылася на гэтым кірунку. Трэба было ўсё ж гэта ўлічваць.

Ёсьць і памылкі фактычныя не на карысьць Беларусі. Напрыклад, у гэтай справаздачы адзначаецца, што ў 2012 годзе ўзрасла колькасьць краін, дзе не было вынесена ніводнага сьмяротнага пакараньня, хоць у нацыянальным заканадаўстве інстытут сьмяротнага пакараньня прысутнічае. І гавораць пра Віетнам. А Беларусь у гэтым кантэксьце ня згадваецца, хоць судамі Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе таксама не было вынесена ніводнага сьмяротнага пакараньня. Тры былі, але гэтыя прысуды выносіліся ў 2011 годзе».

Алена Танкачова

Кіраўніца «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова адзначае: сёньня сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі спакайнейшая параўнальна з канцом 2010-х —пачаткам 2011-хгадоў. Але гэта не здымае шэрагу праблемаў:

«Тое, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні, некаторыя ключавыя фігуры з апазыцыі па-ранейшаму застаюцца ў турмах — гэта вельмі важны паказьнік і індыкатар. Ён паказвае, што ўлада ня хоча ісьці на саступкі.

А калі ўзяць такі паказьнік, як сьмяротныя пакараньні. Яны ўзбуджаюць да новых пытаньняў. Напрыклад, каму і для чаго спатрэбілася прыводзіць у выкананьне ранейшыя сьмяротныя пакараньні? Каб зноў узьніклі праблемы ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу?»

У справаздачы таксама гаворыцца, што беларускія праваабаронцы сутыкаліся з рознымі формамі перасьледу, у тым ліку з забаронамі на выезд зь Беларусі, а цягам 2012 году пятнаццаць праваабаронцаў, журналістаў і апазыцыйных актывістаў былі асуджаныя паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах.

Паводле Радыё Свабода