Навіны

Міжнародныя праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Азербайджана адмены прысуду Лэйле і Арыфу Юнус

Жэнева-Парыж, 13 жніўня 2015

У Баку 13 жніўня праваабаронцы Арыф і Лэйла Юнус прысуджаныя судом да 7 і 8,5 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Прадстаўнік ад Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, сумеснай праграмы FIDH і OMCT, назірала за гэтым судовым працэсам.

Рашэнне было абвешчана Бакінскім судом па цяжкіх злачынствах адразу пасля выступу абароны. Абсерваторыя расцэньвае гэты прысуд як «абуральны» і мяркуе, што яго адзінай мэтай з\’яўляецца спыненне легітымнай дзейнасці гэтых двух азербайджанскіх актывістаў. Хоць суровы прысуд мужу і жонцы Юнус не стаў нечаканасцю, ён у чарговы раз сведчыць пра грэбаванне азербайджанскімі судамі нормамі міжнароднага права і стандартамі справядлівага судовага разбіральніцтва.

Працэс па справе Лэйлы і Арыфа Юнус пачаўся крыху менш за месяц таму. Праваабаронцам былі прад\’яўленыя абвінавачванні ў «махлярстве ў буйным памеры», «службовым падлогу», «ухіленні ад выплаты падаткаў» і «нелегальным прадпрымальніцтве». Назіральнік ад FIDH і OMCT прысутнічала на судовых разглядах з самага першага дня працэсу, аднак 13с жніўня ўваход у залу суда ёй быў забаронены. Пасля свайго апошняга слова Арыф Юнус страціў прытомнасць і яму спатрэбілася неадкладная медыцынская дапамога. Адразу пасля заключных слуханняў Лэйла Юнус была прысуджаная судом да 8,5 гадоў, а яе муж Арыф – да 7 гадоў пазбаўлення волі.

«Беспрэцэдэнтная хуткасць, з якой былі праведзены разбіральніцтвы па справе мужа і жонкі Юнус, шмат гаворыць і пра якасць працэсу. У сувязі з тым, што вывучэнне прадстаўленых абаронай доказаў не ажыццяўлялася, рашэнне суда поўнае недакладнасцяў. На заключных слуханнях былі дапушчаныя відавочныя парушэнні міжнародных нормаў справядлівага судовага разбіральніцтва», – заявіў Генеральны сакратар OMCT Жэральд Стаберок«І гэты ганебны прысуд, на жаль, быў прадказальны яшчэ ў пачатку папярэдняга зняволення мужа і жонкі Юнус год таму», – дадаў ён.

Лэйла Юнус, дырэктар Інстытута свету і дэмакратыі (ІМД), сябра Генеральнай Асамблеі Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), і Арыф Юнус, кіраўнік Аддзела канфлікталогіі ІМД, былі арыштаваныя летам мінулага года, у перыяд узмацнення жорсткасці рэпрэсіяў з боку азербайджанскіх уладаў у дачыненні да праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Пасля года, праведзенага ў папярэднім зняволенні, стан іх здароўя пагоршыўся, але просьбы аб прадастаўленні ім належнай медыцынскай дапамогі неаднаразова адхіляліся.

За перыяд знаходжання пад вартай Лэйла Юнус схуднела на 16 кг. Яна пакутуе цяжкай формай дыябету. Яна неаднаразова падвяргалася нападкам з боку сваёй сукамерніцы, але, нягледзячы на гэта, турэмнымі ўладамі не былі прынятыя якіх-небудзь меры, якія дазваляюць забяспечыць ёй фізічную недатыкальнасць. Арыф Юнус пакутуе ад высокага крывянага ціску і падчас судовых слуханняў некалькі разоў страчваў прытомнасць. 3 жніўня спадар Юнус страцiў прытомнасць у зале суда, яму была выкліканая «хуткая дапамога», і ў той дзень працяг судовага паседжання быў перанесены. Паводле заявы адваката, стан здароўя яго кліента больш не дазваляў яму прысутнічаць на працэсе. Нягледзячы на гэта, судовы працэс працягнуўся.

Абсерваторыя нагадвае, што ў ліпені 2015 суд другой інстанцыі пацвердзіў абвінаваўчыя прысуды праваабаронцам Інтыгаму Аліеву і Расулу Джафараву на падставе вельмі падобных палітычна матываваных абвінавачванняў. У цяперашні час яны адбываюць пакаранні тэрмінамі ў 7 гадоў і 6 месяцаў і 6 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі адпаведна.

Абсерваторыя таксама нагадвае, што высунутае супраць Арыфа і Лэйлы Юнус абвінавачванне ў «дзяржаўнай здрадзе» было вылучана ў асобную вытворчасць і не разглядалася на завяршыўшымся судовым працэсе.

«Нашыя арганізацыі рашуча асуджаюць вынесены прысуд, а таксама судовыя рашэнні ў дачыненні да іншых азербайджанскіх праваабаронцаў. Усе гэтыя прысуды накіраваны на тое, каб прымусіць замаўчаць крытычныя галасы», – сказала ганаровы прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен«Мы будзем працягваць заклікаць улады Азербайджана неадкладна і безумоўна вызваліць мужа і жонку Юнус, а таксама ўсіх астатніх праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў выніку сваёй дзейнасці», – дадала яна.

У 1997 годзе Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) сумесна з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMTC) стварыла Абсерваторыю па абароне правоў праваабаронцаў. Мэтай гэтай праграмы з\’яўляецца праца з канкрэтнымі выпадкамі для прадухілення або адмены рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў.

spring96.org