«Мы год пражылі ў раі», — улады хочуць зьнесьці дом Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч
Палітык Мікола Статкевіч і ягоная жонка Марына Адамовіч атрымалі паведамленьне з праектнага інстытуту «Белдзіпразем» пра тое, што іх прыватны дом “уваходзіць у межы зямельнага ўчастку» для «будаўніцтва аб\’екта «Забудова мікрараёну Лошыца-5».
Дом разьмешчаны ў прыватным сэктары мікрараёну Лошыца і належыць Марыне Адамовіч. Пасьля вызваленьня з турмы ў ім жыве таксама Мікола Статкевіч.
Як паведаміла Свабодзе Марына Адамовіч, яшчэ летась Менгарвыканкам апублікаваў пералік вуліц і дамоў у прыватным сэктары Лошыцы, якія не траплялі ў пералік месцаў для новай забудовы.
Тым часам «Белдзіпразем» у дасланым лісьце ўдакладняе, што замоўцам будаўніцтва Лошыцы-5 зьяўляецца ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёну. А рашэньне па выбары ўчастку для забудовы і «ўнясеньні зьменаў» прыняла адпаведная камісія Менгарвыканкаму 13 верасьня 2016 году. Рашэньне зацьвердзіў старшыня гарвыканкаму Андрэй Шорац 15 верасьня.
Прыватны дом і сад на прысядзібным участку Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча мусяць быць зьнесеныя паводле горадабудаўнічых плянаў, куды тэрмінова ўнесьлі зьмены.
Мікола Статкевіч мяркуе, што такім чынам вышэйшыя ўлады помсьцяць яму за арганізаваную 12 верасьня вулічную акцыю пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў» — рашэньне пра знос дома Менгарвыканкам прыняў на наступны дзень, 13 верасьня.
Палітык кажа, што гэта новая форма ціску на яго за актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць. Празь нявыплачаныя штрафы, накладзеныя на палітыка за вулічныя акцыі пратэсту, Міколу Статкевіча пазбавілі правоў на кіраваньне аўтамабілем, заблякавалі нумар мабільнага тэлефону, вылічваюць палову вайсковай пэнсіі.
«У гэтай улады лягерная сьвядомасьць — пазбавіць чалавека ўсяго, што ёсьць для яго добрым. Пасьля крытай турмы апынуцца тут, у гэтым доме, дзе сад, зямля, кветкі, — гэта апынуцца ў раі. Цэлы год я пражыў у раі, гэта было, і гэтага ўжо ніхто не адніме», —кажа палітык.
Мікола Статкевіч заявіў, што ні гэтыя захады, ні іншы ціск з боку ўладаў ня спыніць ягонай палітычнай дзейнасьці.
Начальніца аддзелу пэрспэктыўнага будаўніцтва УКСу Ленінскага раёну Тацяна Сідарава паведаміла, што выбар новага ўчастку пад будаўніцтва адбываўся на запыт Менгарвыканкаму. Ад іншых камэнтароў чыноўніца адмовілася.